Беларуская Служба

Кітай і Бразілія перасцераглі Расію ад выкарыстання ядзернай зброі супраць Украіны 

28.09.2024 16:38
Апроч Кітая і Бразіліі свае подпісы пад гэтым дакументам паставілі Балівія, Турцыя, ПАР, Калумбія, Егіпет, Інданезія, Казахстан, Кенія, Замбія і Алжыр.
Ілюстрацыя Фота: Oleg Elkov / Shutterstock

Кітай, Бразілія і яшчэ дзесяць краін перасцераглі ад ужывання або ад пагроз ужывання ядзернай зброі супраць Украіны. 

«Мы заклікаем адмовіцца ад пагроз выкарыстання зброі масавага паражэння, асабліва ядзерных, хімічных і біялагічных узбраенняў», - гаворыцца ў сумеснай заяве 12 краін, абнародаванай вечарам у пятніцу, 27 верасня, пасля сустрэчы па Украіне на ўзроўні міністраў на палях Генасамблеі ААН у Нью- Ёрку.

Апроч Кітая і Бразіліі свае подпісы пад гэтым дакументам паставілі Балівія, Турцыя, ПАР, Калумбія, Егіпет, Інданезія, Казахстан, Кенія, Замбія і Алжыр. 12 краін выказалі глыбокую занепакоенасць пагрозай эскалацыі канфлікту ва Украіне. «Грамадзянская інфраструктура, у тым ліку АЭС і іншыя аб'екты энергетыкі, не павінны станавіцца мэтай ваенных аперацый», - падкрэсліваецца  ў заяве.

Нагадаем, надоечы кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія можа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку масіраваных удараў з паветра па тэрыторыі краіны, папярэдзіўшы, што любы напад на Расію, які ажыццяўляецца пры падтрымцы ядзернай дзяржавы, можа быць расцэнены як сумесная агрэсія супраць РФ.

pap/dw/эж