Брытанскі прэм'ер гатовы накіраваць войскі ва Украіну для аховы магчымага мірнага пагаднення. Пра гэта Кір Стармер паведаміў у артыкуле для Daily Telegraph. Кіраўнік брытанскага ўрада падкрэслівае, што «Злучанае Каралеўства гатовае адыгрываць вядучую ролю» ў забеспячэнні бяспекі Украіны.
«Гэта таксама азначае гатоўнасць накіраваць туды нашы войскі ў выпадку неабходнасці», — заяўляе кіраўнік брытанскага ўрада. «Калі прыйдзе канец гэтай вайны, гэта не можа быць проста паўзай, да таго, як Пуцін зноў нападзе», - папярэджвае Кір Стармер.
Прэм'ер сцвярджае, што гарантыі бяспекі Украіны ператворацца ў бяспеку ў рэгіёне і, адпаведна, у бяспеку брытанскага народа. Кір Стармер таксама падкрэслівае, што гэта было няпростае рашэнне, бо яно можа азначаць пагрозу жыццю брытанцаў, якія выконваюць такую місію. Аднак, пакуль - гэта выключна тэарэтычныя меркаванні. Мірныя перамовы яшчэ не пачаліся, а сігналы з Вашынгтона відавочныя: Еўропа не павінна гуляць у іх галоўнай ролі.
Сёння ў Парыжы адбываецца экстраная сустрэча еўрапейскіх лідараў. Сярод удзельнікаў: кіраўнікі НАТА і Еўракамісіі, прэзідэнт Францыі, канцлер Германіі, прэм'ер-міністр Італіі, прэм'ер-міністр Польшчы і кіраўнік урада Вялікабрытаніі.
IAR/аз