Беларуская Служба

Дональд Трамп плануе ўвесці 100-працэнтныя тарыфы на замежныя фільмы

05.05.2025 17:10
Паводле амерыканскага прэзідэнта, замежная кінавытворчасць уяўляе сабой пагрозу нацыянальнай бяспецы ЗША і служыць «прапагандзе».
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд ТрампPAP/EPA/CHRIS KLEPONIS / POOL

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі плануе ўвесці 100-працэнтныя тарыфы на фільмы, знятыя за межамі ЗША. Паводле слоў Дональда Трампа, амерыканская кінаіндустрыя «памірае» з-за міжнароднай канкурэнцыі.

Міністэрству гандлю ЗША было даручана неадкладна пачаць працу па ўкараненні новых правілаў.



Паводле слоў Дональда Трампа, замежная кінавытворчасць уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы ЗША і служыць «прапагандзе».

Абвяшчаючы аб сваіх планах, прэзідэнт ЗША не ўдакладніў, ці тарыфы будуць распаўсюджвацца таксама на амерыканскія кінастудыі, якія здымаюць за мяжой і на фільмы, даступныя толькі на стрымінгавых платформах.

Прэзідэнцкая ідэя выклікала рэзкую крытыку з боку кінаіндустрыі. Брытанскі прафсаюз Bectu папярэдзіў, што тарыфы могуць стаць «разбуральным ударам» для сектара, які ўсё яшчэ аднаўляецца пасля пандэміі і эканамічнага спаду.

У сваю чаргу, улады Аўстраліі і Новай Зеландыі заявілі, што будуць рашуча абараняць інтарэсы сваіх нацыянальных кінаіндустрый.

Злучаныя Штаты Амерыкі застаюцца адным з найбуйнейшых рынкаў кінавытворчасці ў свеце, нягледзячы на ​​тое, што, паводле справаздачы ProdPro, выдаткі на гэтую мэту ў 2024 годзе знізіліся на 26% у параўнанні з папярэднім годам.

ІAR/аз

Кандыдат у прэзідэнты Караль Наўроцкі сустрэўся з Дональдам Трампам

02.05.2025 08:24
Падчас пазнейшай сустрэчы з журналістамі кандыдат ад ПіС раскрытыкаваў палітыку польскага ўрада ў дачыненні да ЗША.