Беларуская Служба

Разгараецца індыйска-пакістанскі канфлікт

08.05.2025 16:18
Канфлікт абвастрыўся пасля тэрарыстычнага акту 22 красавіка ў горадзе Пахалгам у індыйскім Кашміры.
Індыйскія сілы бяспекі патрулююць дарогу ў КашмірыEPA/FAROOQ KHAN Dostawca: PAP/EPA.

Індыя заявіла, што сёння раніцай атакавала сістэмы супрацьпаветранай абароны ў некалькіх месцах у Пакістане. Паведамляецца, што гэта адказ на спробы нападаў Пакістана на паўночную і заходнюю Індыю.

У сваю чаргу, Пакістан абвясціў, што збіў 25 індыйскіх беспілотнікаў у памежных раёнах. Чатыры салдаты атрымалі раненні, адзін мірны жыхар загінуў.

Разам з тым, ніхто са звышдзяржаў не хоча далейшага абвастрэння, кажа прафесар Агнешка Кушэўская з Інстытута Блізкага і Далёкага Усходу Ягелонскага ўніверсітэта. У эфіры Польскага радыё яна пракаментавала нядаўнія падзеі, у тым ліку: удары беспілотнікамі. Яна адзначыла, што абедзве краіны з'яўляюцца ядзернымі дзяржавамі.

— Гэта элемент, які мае супакойваючае ўздзеянне. Пакістан мае таксама моцную армію ды можа адказаць ваеннымі сродкамі Індыі. Найгоршы сцэнар – гэта эскалацыя дадзенага канфлікту да поўнамаштабнай вайны. Пытанне ў тым, каму гэта выгадна. Ніводная са звышдзяржаў н хоча эскалацыі ў Паўднёвай Азіі: ані Кітай, ані Расія, ані ЗША з ЕС.

У сераду Індыя здзейсніла напады на некалькі месцаў у Пенджабе і Кашміры, які знаходзіцца пад кіраваннем Пакістана. Пакістанскія вайскоўцы заявілі, што ў выніку авіяўдараў загінуў 31 мірны жыхар, у тым ліку жанчыны і дзеці, і 57 чалавек атрымалі раненні.

Канфлікт абвастрыўся пасля тэрарыстычнага акту 22 красавіка ў горадзе Пахалгам у індыйскім Кашміры. У выніку загінулі 26 турыстаў. Індыя абвінаваціла ў нападзе пакістанскую джыхадзісцкую паўстанцкую групоўку «Лашкар-і-Тайба».

ПР/юл