Беларуская Служба

Падпісаная дэкларацыя пра стварэнне Спецыяльнага трыбунала ў злачынстве расійскай агрэсіі супраць Украіны

10.05.2025 09:01
Акрамя расійскіх палітыкаў і вайскоўцаў, да адказнасці будзе прыцягнуты і беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка.
   -
Міністры замежных спраў краін-членаў Еўрасаюза падчас сустрэчы ў Львове PAP/EPA/MYKOLA TYS

Міністры замежных спраў краін-членаў Еўрасаюза падчас сустрэчы ў Львове абвясцілі аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала ў злачынстве расійскай агрэсіі супраць Украіны. Працэдуры павінны быць завершаныя на наступным тыдні ў Люксембургу, на паседжанні Камітэта міністраў Рады Еўропы.



Рашэнне было прынята ў Дзень Еўропы, што таксама мае сімвалічнае значэнне, падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі(Radosław Sikorski):

- Еўропа прыехала ў Львоў, каб паказаць, што яна – Еўропа тут, а не з дыктатарамі ў Маскве.

«Мы хочам прыцягнуць да адказнасці тых, хто стаяў за жахлівым злачынствам агрэсіі супраць Украіны. Украінскі народ заслугоўвае справядлівасці», — напісала ў сваёй заяве старшыня Камісіі Урсула фон дэр Ляен.

«Кожны элемент вайны Расіі быў задакументаваны. Агрэсія Расіі не застанецца беспакаранай», — пракаментавала ў Львове кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас.



Міжнародны трыбунал павінен пачаць працу ў наступным годзе. Больш за 40 краін-членаў Рады Еўропы, а таксама краіны, якія ў яе не ўваходзяць, такія як Японія і Канада, выказалі гатоўнасць удзельнічаць у яго працы. Злучаныя Штаты Амерыкі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні трыбунала, выйшлі з гэтай ініцыятывы пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом.

Акрамя расійскіх палітыкаў і вайскоўцаў, да адказнасці будзе прыцягнуты і Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь забяспечыла Расіі доступ да сваёй тэрыторыі, інфраструктуры, аэрапортаў і ваенных баз. Аляксандр Лукашэнка асабіста даў згоду на правядзенне ваенных аперацый з тэрыторыі Беларусі і адкрыта праводзіць палітыку падтрымкі расійскага ўварвання ва Украіну.

У лютым і сакавіку 2022 года расійская армія атакавала Чарнігаў і Кіеў з паўднёва-заходняй часткі Беларусі, і пасля паразы на гэтым кірунку адышла ў Беларусь.

IAR/аз