Гэта адказ на заяву лідараў краін «кааліцыі жадаючых», якія ўчора сустрэліся ў Кіеве і заклікалі Маскву абвясціць 30-дзённае спыненне агню.
Уладзімір Пуцін хоча, каб перамовы паміж расійскай і ўкраінскай дэлегацыямі пачаліся 15 мая ў Стамбуле. Сёння расійскі лідар павінен абмеркаваць гэтае пытанне з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
Пуцін заявіў, што спыненне агню стане першым крокам да стабільнага міру, а не, як ён сказаў, «пралогам да пераўзбраення». Наступную частку сваёй прамовы расійскі лідар прысвяціў абвінавачванню Украіны ў нежаданні весці перамовы аб спыненні агню і ў парушэнні трохдзённага спынення агню, абвешчанага ў сувязі са святкаваннем 80-годдзя перамогі над нацысцкай Германіяй.
Раней лідары Польшчы, Украіны, Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі, па ўзгадненні са ЗША, заклікалі Расію да 30-дзённага спынення агню, пачынаючы з панядзелка. Яны абвясцілі, што адмова Крамля будзе сустрэта «рашучым адказам Захаду».
Паводле слоў незалежнага расійскага палітолага Аляксандра Марозава, Уладзімір Пуцін не можа прапанаваць Украіне нічога новага і толькі хоча выйграць час, арганізоўваючы перамовы ў Стамбуле, імітуючы гатоўнасць да перамоў.
ПР/юл