Тым часам латышская разведка паведаміла, што гэта могуць быць расійскія дыверсанты і шпіёны, піша партал Onet.
У штогадовай справаздачы Службы ваеннай разведкі і бяспекі Латвіі (MIDD) прыведзены падрабязныя рэкамендацыі па выяўленні патэнцыйных агентаў разведкі і дыверсій.
Згодна з дакладам, падазраваныя могуць вылучацца, сярод іншага няправільна пашытым ваенным або спартыўным адзеннем, дзіўнымі паводзінамі, адсутнасцю цікавасці да прыроды, нягледзячы на знаходжанне ў аддаленых раёнах, і тым, што яны задаюць дзіўныя, дапытлівыя пытанні мясцовым жыхарам. Яны таксама могуць размяшчацца каля ваенных аб'ектаў або крытычна важнай інфраструктуры, альбо выдаваць сябе за гуманітарных работнікаў.
Некаторыя могуць мець пры сабе спецыялізаваныя аптэчкі першай дапамогі, карты і радыёстанцыі — рэчы, якія лепш падыходзяць для сакрэтных аперацый, чым для паходаў.
Латвійскі MIDD папярэджвае, што расійскія спецслужбы гнуткія і не дзейнічаюць па адзінай схеме. «Украінскі досвед паказвае, што яны здольныя адаптавацца да сітуацыі», — гаворыцца ў дакладзе.
Службы заклікаюць грамадзян не спрабаваць умешвацца самастойна. «Калі вы лічыце, што маглі заўважыць дыверсійную групу на тэрыторыі Латвіі, MIDD не рэкамендуе самастойна змагацца з ёй», — падкрэсліваецца ў паведамленні. Замест гэтага варта паведаміць пра свае падазрэнні ў адпаведныя службы: паліцыю, спецыяльныя органы або найбліжэйшую вайсковую частку.
Паводле інфармацыі, прадстаўленай Associated Press, рэкамендацыі латвійскай разведкі з'явіліся ў той час, калі іншыя краіны рэгіёну пачалі выдаваць падобныя трывожныя інструкцыі сваім грамадзянам. Фінляндыя і Швецыя, якія нядаўна ўступілі ў НАТА, пачалі распаўсюджваць буклеты з інструкцыямі па выжыванні ў выпадку вайны або катастрофы. Паводле звестак агенцтва Associated Press, падобныя рэкамендацыі рыхтуюцца таксама ў Польшчы, а Нарвегія апублікавала рэкамендацыі, як выжыць цягам тыдня.
Onet/ав