Беларуская Служба

У Германіі асцерагаюцца атак на фоне ізраільска-іранскай вайны

23.06.2025 16:06
Германія баіцца нападаў. СМІ паведамляюць пра ўзмацненне аховы аб'ектаў, звязаных з Ізраілем і ЗША.
.
.Shutterstock/B.Dpunkt

Напад ЗША на ядзерныя абʼекты ў Іране пагаршае сітуацыю з бяспекай у Германіі, так мяркуюць улады Германіі. Аднак Міністэрства ўнутраных спраў у Берліне паведаміла, што ў цяперашні час няма прыкмет пагрозы амерыканскім або ізраільскім установам у краіне.

У сувязі з амерыканскім нападам пад пагрозай знаходзяцца не толькі ізраільскія і габрэйскія ўстановы (сінагогі, бібліятэкі, школы і г.д.), але і ўсе амерыканскія культурныя ўстановы і арганізацыі (аналітычныя цэнтры і г.д.) у Германіі, падкрэсліў Марк Генрыхман (Marc Henrichmann), эксперт па ўнутраных справах у Германіі ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі ХДС.

13 чэрвеня, пасля таго, як Ізраіль пачаў узброеныя напады на іранскія ваенныя і ядзерныя абʼекты, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на крызіснай нарадзе даручыў прэмʼер-міністрам 16 федэральных земляў узмацніць абарону сінагог, габрэйскіх школ і іншых устаноў. Мерц запэўніў, што ўрад будзе ўсяляк падтрымліваць федэральныя землі.

Bild згадала словы Аўгуста Ханінга, былога кіраўніка Федэральнай разведвальнай службы (BND), які нядаўна заявіў, што «ў выпадку любых нападаў у адказ з боку Ірана Германія – першая ў спісе з-за цесных адносін з Ізраілем».

Выданне адзначыла, што ў сваёй справаздачы за 2024 год нямецкая контрразведвальная служба папярэдзіла аб дзейнасці іранскіх спецслужбаў у Германіі. Згодна са справаздачай, Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі спецыяльна ўкараняе агентаў у Германіі для шпіянажу за іранскімі эмігрантамі, прыхільнікамі Ізраіля, а таксама габрэйскімі і амерыканскімі ўстановамі, і – як адзначала Bild – «не цураецца гвалту».

Паводле gazetaprawna.pl/вх