Чэшскія спецслужбы затрымалі групу падлеткаў, якія прапагандавалі ідэалогію так званай Ісламскай дзяржавы. Іх радыкалізацыя адбылася праз сацыяльныя сеткі. Як паведамляе чэшская паліцыя, затрыманыя маюць дачыненне, у прыватнасці, да спробы падпалу сінагогі ў Брне.
Кіраўнік падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам Бржэціслаў Брэйха паведаміў, што большасць з пяці затрыманых — непаўналетнія. У іх дамах знойдзены нажы, газавыя пісталеты і вайсковыя прыналежнасці:
— Падазраваныя распаўсюджвалі ў сацсетках тэрарыстычную прапаганду і варожасць да меншасцяў, у тым ліку да ЛГБТК+ супольнасці. Следства таксама выявіла групу ў мэсэнджары Telegram, праз якую вербавалі добраахвотнікаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях у Сірыі.
Кіраўнік чэшскай контрвыведкі Міхал Кудэлка адзначыў, што Чэхія, як і іншыя еўрапейскія краіны, сутыкаецца з праблемай радыкалізацыі моладзі:
— У дадзеным выпадку падлеткі не былі асабіста знаёмыя — іх аб’яднаў гвалт, нянавісць да габрэяў, ЛГБТК+ і іншых груп.
Міхал Кудэлка падкрэсліў, што затрыманыя не мелі сувязі з мусульманскай супольнасцю Чэхіі: іх радыкалізацыя адбылася выключна праз інтэрнэт.
IAR/эж