У сераду, 25 чэрвеня кіраўнікі краін-удзельніц НАТА падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой пацвердзілі адзінства Альянсу на фоне пагроз, у тым ліку з боку РФ, і ўзялі на сябе абавязальніцтвы істотна павялічыць абарончыя выдаткі. Ключавым рашэннем саміту ў Гаазе стала дамоўленасць аб дасягненні мэты штогадовага фінансавання патрэб бяспекі і абароны ў памеры 5% валавога ўнутранага прадукту да 2035 года.
Згодна з новым парогам фінансавання, краіны павінны накіроўваць не менш за 3,5% ВУП непасрэдна на абарончыя выдаткі — у тым ліку на ўтрыманне войска, закупку абсталявання і правядзенне ваенных аперацый. Яшчэ 1,5% ВУП будуць выдаткоўвацца на падтрымку крытычнай інфраструктуры, кібербяспеку, грамадзянскую ўстойлівасць і інавацыі ў сферы абароннай прамысловасці.
«Мы застаёмся адзінымі перад доўгатэрміновай пагрозай з боку Расіі і пастаяннай пагрозай тэрарызму», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.
Дзяржавы-члены блока абавязаліся штогод прадстаўляць нацыянальныя планы, у якіх будзе распісаны паступовы шлях да дасягнення вызначанага ўзроўню выдаткаў. Першы агляд выканання мэтавых паказчыкаў запланаваны на 2029 год.
Акрамя таго, кіраўнікі-краін НАТА пацвердзілі гатоўнасць узмацняць трансатлантычнае супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці і ліквідаваць гандлёвыя бар’еры ў сферы зброевага экспарту паміж краінамі-саюзніцамі.
IAR/PAP/ex