Экстрэмальна гарачае надвор'е назіраецца ў Іспаніі, Партугаліі, Італіі і Грэцыі. Спёка закранула таксама поўдзень Францыі, Балканы і нават Вялікабрытанію.
Брытанская штодзённая газета «The Telegraph» напісала, што ў пятніцу на Маёрцы ад цеплавога ўдару памёр турыст. Іспанскія службы назірання за надвор'ем паведамілі, што ў выходныя тэмпература дасягне 47 градусаў Цэльсія на поўдні краіны. Па гэтай прычыне метэаролагі заклікаюць, асабліва турыстаў, пазбягаць адкрытых прастор на працягу дня.
У Партугаліі нацыянальнае метэаралагічнае агенцтва выпусціла папярэджанне аб пажарах. Італія змагаецца са спёкай ужо некалькі дзён. Так званы чырвоны ўзровень трывогі быў абвешчаныя на выхадныя для 21 горада, у тым ліку для Рыма. Мясцовыя медыцынскія службы заклікалі не выходзіць на адкрытую прастору паміж 11:00 і 18:00.
У Грэцыі пажарная служба паведаміла, што ёй удалося патушыць пажары, якія ўспыхнулі на поўдзень ад Афін у чацвер, але таксама падкрэсліла, што рызыка далейшых пажараў усё яшчэ высокая, асабліва ў сталіцы і на паўночных астравах Эгейскага мора.
Спякотныя выхадныя таксама чакаюцца ў Албаніі, Босніі і Герцагавіне, Харватыі, Чарнагорыі і Сербіі. Толькі ў Паўночнай Македоніі тэмпература не перавысіць 30 градусаў Цэльсія. Ва ўсіх гэтых краінах былі абвешчаныя трывожныя папярэджанні аб спёцы.
Ужо больш за тыдзень паўднёвая Францыя таксама змагаецца са спёкай, і з пятніцы ў чатырох рэгіёнах абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. У Манпелье і Німе ў суботу тэмпература дасягне 39 градусаў Цэльсія.
Высокая тэмпература таксама пераважае на поўдні Вялікабрытаніі, дзе ў гэтыя выхадныя тэрмометры пакажуць больш за 30 градусаў Цэльсія. Па гэтай прычыне брытанскія медыцынскія службы выказалі занепакоенасць што да бяспекі вялікага музычнага фестывалю ў Гластанберы, на якім, сярод іншых, мае зайграць ветэран рок-зорка сэр Род Сцюарт.
PAP/юл