Беларуская Служба

У Сербіі пачаліся беспарадкі падчас антыўрадавых пратэстаў

29.06.2025 08:42
Сто сорак тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Бялграда, патрабуючы датэрміновых парламенцкіх выбараў і адстаўкі прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча.
Пратэстоўцы падчас студэнцкага мітынгу ў БялградзеPA/ANDREJ CUKIC Dostawca: PAP/EPA.

Сутычкі з паліцыяй пачаліся пасля таго, як пратэстоўцы пачалі кідаць у супрацоўнікаў сілавых структур петарды і бутэлькі. Паліцыя адказала перцавым газам.

Прэзідэнт Сербіі адмовіўся прызначаць датэрміновыя выбары. Кааліцыя, якую ён узначальвае, мае 156 з 250 месцаў у парламенце.

Масавыя пратэсты ў Сербіі арганізуюцца з лістапада. Яны ўспыхнулі пасля таго, як у выніку абвальвання даху на чыгуначным вакзале ў Нові-Садзе загінулі 16 чалавек. Дзяржаўныя ўлады не змаглі прыцягнуць нікога да адказнасці, і гэта падзея стала сімвалам карупцыі і халатнасці з боку цяперашняга сербскага ўрада.

Суботняя дэманстрацыя была арганізавана ў Дзень Святога Віта, які ўшаноўвае бітву на Косаўскім полі 1389 года супраць асманскіх турак.

ПР/юл