Беларуская Служба

Сербія: Дзясяткі пратэстоўцаў затрыманыя. Арганізатары паведамляюць пра жорсткасць паліцыі

02.07.2025 18:15
Пратэстоўцы патрабуюць прызначэння датэрміновых выбараў, вызвалення затрыманых дэманстрантаў.
Блакада вуліц у СербііPAP/EPA/ANDREJ CUKIC

За апошнія 24 гадзіны ў Сербіі адбылося 117 незаконных сходаў і 87 блокпастоў, а за ноч было затрымана больш за 70 чалавек, паведаміла ў сераду Міністэрства ўнутраных спраў Сербіі. Студэнты, якія арганізоўваюць пратэсты, і іх удзельнікі паведамлялі пра выпадкі жорсткасці паліцыі.

Толькі ў Бялградзе рух быў перакрыты ў 68 месцах горада. «Большасць блакад у Бялградзе і (па ўсёй) Сербіі знятыя. У некаторых месцах былі зафіксаваны адзінкавыя інцыдэнты, у якіх паліцыя дзейнічала ў адпаведнасці з законам», — паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Сербіі.

Міністэрства заклікала грамадзян «устрымлівацца ад любых незаконных дзеянняў і блакавання руху».

Студэнты — ініцыятары антыўрадавых пратэстаў — паведамілі ў сваіх сацыяльных сетках, што «адзін чалавек быў жорстка збіты ў паліцэйскім участку да страты прытомнасці». У СМІ таксама з'явіліся заявы затрыманых, якія абвінавачваюць службы ў жорсткім абыходжанні.

У некалькіх гарадах краіны адбыліся інцыдэнты, у якіх кіроўцы спрабавалі прарваць вулічныя блакады. Большасць з іх былі злоўлены паліцыяй. Ніхто сур'ёзна не пацярпеў.


. 

Пратэстоўцы патрабуюць прызначэння датэрміновых выбараў, вызвалення затрыманых дэманстрантаў і вываду праўрадавых дэманстрантаў, які з красавіка знаходзіцца ў "намётавым мястэчку" перад сербскім парламентам.

Студэнты, якія са снежня мінулага года блакуюць больш за 60 акадэмічных факультэтаў у краіне і арганізоўваюць большасць антыўрадавых акцый, 28 чэрвеня заклікалі да "грамадзянскага непадпарадкавання". Тэрмін дзеяння ўльтыматуму, у якім дэманстранты патрабавалі ад уладаў правядзення датэрміновых выбараў, скончыўся.

Яны павінны былі вырашыць крызіс, які працягваецца ў Сербіі з лістапада 2024 года. У выніку аварыі на чыгуначным вакзале ў Нові-Садзе загінулі 16 чалавек. З таго часу грамадзяне краіны, якія масава пратэстуюць, абвінавачваюць улады ў карупцыі і халатнасці, якія, на іх думку, прывялі да трагедыі. Дэманстранты патрабуюць дэмакратызацыі палітычнай сістэмы і ўмацавання дзяржаўных інстытутаў.

ав