Беларуская Служба

Кітай заклікаў членаў БРІКС аб’яднацца супраць дамінацыі ЗША і Захаду

07.07.2025 12:30
Кітайскія ўлады рашуча адказалі на пагрозу ЗША, датычную магчымага павышэння на 10% тарыфаў на тавары з краін БРІКС.
C , --
Cаміт БРІКС, Рыа-дэ-Жанэйра PAP/EPA/ANTONIO LACERDA

Улады Кітая лічаць, што мытныя тарыфы не могуць быць інструментам прымусу і заклікаюць членаў БРІКС сумесна супрацьстаяць дамінацыі з боку ЗША і Захаду.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Кітая Мао Нін у чарговы раз заявіла, што ў тарыфных войнах няма пераможцаў, і тарыфы не могуць быць інструментам прымусу іншых краін.

Тым часам прэм'ер Кітая Лі Цян падчас саміту БРІКС у Бразіліі заклікаў членскія краіны арганізацыі да сумеснага адказу на тарыфную палітыку ЗША.

БРІКС – гэта група з дзесяці краін, якія развіваюцца, створаная ў 2009 годзе, у якую, акрамя Кітая і Бразіліі, уваходзяць, між іншым, Расія, Індыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Іран.

Нагадваем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражаў увесці 10% тарыфы на краіны, якія падтрымліваюць БРІКС. Саміт лідараў блока ў Бразіліі разглядаецца як спроба парушыць кантроль Захаду над сусветным парадкам.

IAR/аз