Беларуская Служба

Францыя захопленая геройскім учынкам чарнаскурага эмігранта, які выратаваў з пажару шасцярых чалавек (ВІДЭА)

08.07.2025 16:39
Мужчына без вагання пачаў ратаваць людзей, стоячы на парапеце будынка і рызыкуючы сваім жыццём.
Фусейн Сісэ ратуе людзей ад пажарускрыншот відэа

Французскія СМІ звяртаюць увагу на геройскі ўчынак чарнаскурага іншаземца Фусейна Сісэ, які ў Парыжы падчас пажару выратаваў шасцярых чалавек.

Пажар адбыўся 4 ліпеня. Адну з кватэр на шостым паверсе поўнасцю адрэзала ад эвакуацыйных шляхоў. Сісэ, які пражываў побач, без вагання пачаў ратаваць людзей, стоячы на парапеце будынка і рызыкуючы сваім жыццём.

Мужчына пазней расказаў журналістам, што ўзровень небяспекі зразумеў толькі тады, калі ўсё завершылася. «Калі я ўбачыў, што мае суседзі ў паніцы і не могуць выратавацца, я вылез праз акно. Гэта было пытанне іх выжывання», – сказаў ён.

Учынак Сісэ атрымаў хвалю адабрэння як з боку як гарадскіх, так і рэспубліканскіх улад. Мэр Парыжа Ан Ідальга назвала яго гонарам сталіцы, а яе намеснік Эманюэль Грэгуар прапанаваў узнагародзіць ратавальніка медалём. Акрамя таго, у бліжэйшы час яму павінны ўручыць Медаль Пашаны за праяўленую мужнасць.

Усяго ў доме падчас пажару пацярпелі трынаццаць чалавек.

Фусейн Сісэ працуе вахцёрам у парыжскіх адукацыйных установах на часовых кантрактах. Ён – уладальнік часовага віду на жыхарства без права на пастаянную працу. Мужчына выказаў спадзяванне, што атрыманае грамадскае прызнанне дапаможа яму змяніць статус пражывання ў Францыі і дасць магчымасць атрымаць доўгатэрміновы дазвол на пражыванне ў краіне.

вс