Беларуская Служба

Лятучы апарат заляцеў з Беларусі ў Літву і разбіўся

10.07.2025 13:12
Спачатку паведамлялася, што гэта быў баявы беспілотнік «Шахед».
 .
Ілюстрацыйнае фота. ДронLN_Photoart/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэм'ер-міністр Літвы і спікер літоўскага Сейма былі пераведзеныя ў сховішча пасля інцыдэнту на літоўска-беларускай мяжы, паведаміў літоўскі партал BNS.

Літоўская памежная служба паведаміла, што невялікі самаробны лятучы апарат перасек мяжу з Беларуссю на заставе Кяна ў Віленскай вобласці, а затым разбіўся каля аэрапорта ў Шумску, за кіламетр ад мяжы.

Спачатку паведамлялася, што гэта быў баявы беспілотнік «Шахед», але пазней гэтая інфармацыя была абвергнутая.

Паводле папярэдніх дадзеных, самаробны дрон зроблены з фанеры і пенапласту не перавозіў грузу. Аб'ект не ўяўляе пагрозы.

Літоўскія вайскоўцы паведамілі, што іх ВПС выявілі аб'ект, які набліжаўся да літоўскай мяжы з боку Беларусі.

Стан гатоўнасці знішчальнікаў, якія выконвалі місію паветранага патрулявання НАТА і знаходзіліся ў паветры ў той час, быў зменены з трэніровачнага рэжыму на рэжым выканання задач, але пасля таго, як аб'ект упаў, задача для знішчальнікаў была адменена.

IAR/яс