Згодна з Законам аб Кабінеце Міністраў, рашэнне Вярхоўнай Рады аб адстаўцы прэм'ер-міністра цягне за сабой адстаўку ўсяго ўрада. Адпраўлены ў адстаўку Кабінет Міністраў будзе выконваць свае паўнамоцтвы да пачатку працы новага ўрада.
Перад галасаваннем прэм'ер-міністр выступіў з прамовай, у якой падзякаваў парламенту, ураду і дзяржаўным установам за плённае супрацоўніцтва ў апошнія гады. Шмыгаль заняў пасаду прэм'ер-міністра Украіны ў сакавіку 2020 года і займаў яе больш за пяць гадоў.
Шмыгаль падаў у адстаўку ў аўторак. Паводле сайта «Украінская праўда» днём раней прэзідэнт Уладзімір Зеленскі прапанаваў Шмыгалю заняць пасаду міністра абароны пасля перастаноўкі ў Кабінеце міністраў.
Зяленскі таксама абвясціў у панядзелак, што прапанаваў былой віцэ-прэм'ер і міністру эканомікі Юліі Свірыдэнка ўзначаліць урад і істотна змяніць яго дзейнасць.
Свірыдэнка пачала сваю кар'еру як эканаміст і менеджэр у міжнародных кампаніях. Яна супрацоўнічала з інвестарамі з Кітая. З 2015 года яна працавала ў дзяржаўным кіраванні — спачатку ў Чарнігаўскай вобласці, дзе, сярод іншых пасад, ненадоўга выконвала абавязкі кіраўніка абласной адміністрацыі.
З 2019 года Свірыдэнка працавала ў Міністэрстве эканомікі, а ў наступным годзе стала намесніцай кіраўніка Офіса прэзідэнта па эканамічных пытаннях. У лістападзе 2021 года яна заняла пасаду віцэ-прэм'ер-міністра і міністра эканомікі ва ўрадзе Шмыгаля.
Паводле крыніц украінскага інфармацыйнага агенцтва «Укрінфарм», чакаецца, што ў чацвер парламент прагаласуе за фарміраванне новага ўрада.
ав