Бельгійскія ўлады паведамілі аб затрыманні і допыце двух ізраільскіх грамадзян пасля абвінавачанняў у ваенных злачынствах у Газе, інфармуе агенцтва AFP.
У пракуратуры Бельгіі расказалі, што атрымалі юрыдычныя скаргі, у якіх сцвярджалася, што двое ізраільскіх салдат, адказных за «сур'ёзныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права» ў Газе, былі заўважаныя на фестывалі Tomorrowland. Заявы на ізраільцян падала бельгійская грамадская арганізацыя Hind Rajab Foundation, якая ўбачыла на мерапрыемстве сцяг ізраільскага ваеннага падраздзялення, што ўдзельнічае ў баявых дзеяннях у сектары Газа.
Бельгійская пракуратура паведаміла, што «папрасіла паліцыю ўстанавіць месцазнаходжанне двух чалавек, згаданых у скарзе, і дапытаць іх».
«Пасля допыту іх адпусцілі», – гаворыцца ў заяве. Прозвішчы затрыманых грамадзян Ізраіля не называюцца.
У апошнія тыдні краіны Еўрасаюзу ўзмацнілі рыторыку адносна Тэль-Авіву з-за выпадкаў забойства грамадзянскіх асоб у Газе.
Міністры замежных спраў 21 еўрапейскай дзяржавы, у прыватнасці, Бельгіі, у сумеснай заяве ў панядзелак заклікалі неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ў Сектары Газа.
вс