Беларуская Служба

Прадстаўнікі польскай партыі маюць шанец увайсці ў склад літоўскага ўраду

18.08.2025 17:20
Ва ўрадавай кааліцыі ў Літве, хутчэй за ўсё, адбудуцца сур’ёзныя змены.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ва ўрадавай кааліцыі ў Літве адбудуцца змены. Кіруючыя сацыял-дэмакраты запрасілі далучыцца да яе дзве партыі. Шмат сведчыць пра тое, што палякі з Выбарчай акцыі палякаў у Літве – Альянсу хрысціянскіх сем'яў таксама ўвойдуць ва ўрад. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі:

- Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя запрасіла ў кааліцыю сваіх цяперашніх партнёраў з партыі «Зара над Нёманам» і, раней апазіцыйную, Літоўскую партыю сялян і зялёных. Гэта азначае, што сацыял-дэмакраты не жадаюць бачыць у кааліцыі прадстаўнікоў Дэмакратычнага саюза «У імя Літвы», з якімі сумесна кіравалі краінай са снежня мінулага года. «Мы ацанілі паводзіны, рыторыку і пазіцыі цяперашніх партнёраў па кааліцыі», – заявіў часовы лідар сацыял-дэмакратаў Міндаўгас Сінкявічус. Тым часам Літоўская партыя сялян і зялёных фарміруе парламенцкую фракцыю, у тым ліку з Выбарчай акцыяй палякаў у Літве. Ці далучацца прадстаўнікі польскай партыі да кіруючай большасці, будзе залежаць ад рашэння «Сялян», якія абвясцілі, што «ўсе партыі будуць уключаны ў перагаворны працэс, каб яны маглі выказаць сваё меркаванне».

Папярэдні літоўскі ўрад сышоў у адстаўку некалькі тыдняў таму. Гэта было звязана з адстаўкай прэмʼера Гінтаўтаса Палуцкаса, якога падазраюць у карупцыі. Сацыял-дэмакраты, якія маюць большасць у літоўскім Сейме, прызначылі на пасаду прэмʼера Інгу Ругінене. Партыя хоча, каб парламент на гэтым тыдні склікаў пазачарговую сесію, каб зацвердзіць яе кандыдатуру.

IAR/аз

У Літве працягвае скарачацца колькасць беларусаў з легалізацыяй

11.08.2025 11:00
З пікавага перыяду, які прыпаў на пачатак 2024 году, колькасць легалізаваных у Літве беларусаў скарацілася на 10 205 чалавек.