Беларуская Служба

Больш за 1 200 кіберзлачынцаў былі арыштаваныя ў рамках аперацыі Інтэрпола ў Афрыцы

23.08.2025 14:15
Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі пахвалілася на сваім сайце некалькімі поспехамі маштабнай аперацыі.
.   .
Ілюстрацыя. Міжнародная паліцыя Інтэрпол.Фота: Shutterstock.com / HUANG Zheng

У выніку амаль трохмесячнай паліцэйскай аперацыі, каардынаванай Інтэрполам, па ўсёй Афрыцы было арыштавана 1 209 кіберзлачынцаў і вернута амаль 100 мільёнаў долараў, паведаміла Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі.

Аперацыя, распачатая ў чэрвені ў Афрыцы, мела кодавую назву «Серэнгеці 2.0». Яна была фінансаваная брытанскімі ўладамі, якія таксама аказалі лагістычную падтрымку паліцыі ў 18 афрыканскіх краінах.

Інтэрпол пахваліўся на сваім сайце некалькімі поспехамі гэтай аперацыі, у тым ліку разгромам схемы махлярства з анлайн-інвестыцыямі ў Замбіі, дзе ў прыблізна 65 тысячаў чалавек было выкрадзена ў агульнай складанасці 300 мільёнаў долараў.

Паліцыя Лусакі таксама разграміла сетку гандлю людзьмі, канфіскаваўшы 372 падробленыя пашпарты з сямі краін.

У Анголе былі ліквідаваныя 25 цэнтраў па здабычы крыптавалют, якімі кіравалі 60 грамадзян Кітая. У выніку гэтай аперацыі было канфіскавана абсталяванне коштам больш за 37 мільёнаў долараў, якое цяпер будзе выкарыстоўвацца для электразабеспячэння нацыянальнай электрасеткі, у асноўным у бедных раёнах краіны.

Акрамя Анголы, Вялікабрытаніі і Замбіі, у аперацыі ўдзельнічалі паліцэйскія з Беніна, Камеруна, Чада, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Габона, Ганы, Кеніі, Маўрыкія, Нігерыі, Руанды, Сенегала, Паўднёвай Афрыкі, Сейшэльскіх астравоў, Танзаніі, Кот-д'Івуара і Зімбабвэ.

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі, інакш Інтэрпол, была створана ў 1923 годзе для дапамогі паліцыі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі і тэрарызмам. Гэта найбуйнейшая і найстарэйшая паліцэйская арганізацыя ў свеце, якая ў цяперашні час абʼядноўвае 196 краін.

PAP/аз

Крыптавалюты – новы від паводніцкіх залежнасцей, папярэджваюць псіхолагі

22.08.2025 14:05
Паводле іх, рынак крыптавалютаў – гэта не проста прастора для фінансавых інавацый, але таксама асяроддзе, якое спрыяе развіццю сур’ёзных залежнасцей.