Пра гатоўнасць дзяліцца дасягненнямі «ў галіне дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва» заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу Малдовы з Днём незалежнасці, які адзначаецца ў краіне 27 жніўня.
Ён «перакананы, што «незалежна ад палітычнай сітуацыі беларусы і малдаване працягнуць падтрымліваць дружалюбныя стасункі, заснаваныя на глыбокай узаемнай павазе і даверы».
Лукашэнка не павіншаваў са святам прэзідэнта Малдовы Маю Санду, якая крытыкуе ягоны рэжым, сустракаецца са Святланай Ціханоўскай і дэкларуе курс на інтэграцыю з Еўрасаюзам. Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў ЕС. У парламенце краіны дзейнічае група «За дэмакратычную Беларусь».
«Позірк» нагадвае, што 12 ліпеня на сустрэчы з экс-прэзідэнтам Малдовы, а цяпер кіраўніком прарасійскай партыі сацыялістаў Ігарам Дадонам Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады «гатовыя да супрацоўніцтва з Малдовай».
Гаспадар сустрэчы паскардзіўся на тое, што малдаване ад беларусаў «адарваныя вайной», не згадаўшы, што поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, якая знаходзіцца паміж Беларуссю і Малдовай, развязала Расія, на якую арыентуюцца абодва палітыкі.
Усё ж, на думку Лукашэнкі, аднавіць адносіны не складана: «Шлях прабіты, пракладзены. Мы ведаем, што патрэбна Малдове. Вы ведаеце нас добра. Мы заўсёды былі абавязковыя ў стасунках з вамі і гатовыя ў гэтых адносінах дзейнічаць».
28 верасня ў Малдове адбудуцца парламенцкія выбары.
аз