Правайдары фіксаванага інтэрнэту пачалі блакаваць сайты ўкраінскіх СМІ вечарам 29 верасня, а мабільныя правайдары – раніцай 30 верасня.
У сярэдзіне верасня Украіна забараніла некалькі замежных медыя, у тым ліку венгерскія Origo і Demokrata, на падставе таго, што гэтыя сайты рэгулярна распаўсюджваюць расійскую прапаганду.
29 верасня Венгрыя абвясціла аб люстэркавых мерах супраць шэрагу ўкраінскіх навінавых парталаў, у іх ліку — «Украінская праўда».
«Украіна, якая імкнецца да ўступлення ў Еўрапейскі Саюз, заблакавала замежныя навінавыя парталы, у тым ліку венгерскія, таму што яны адважыліся крытычна пісаць пра палітыку санкцый супраць Расіі і ваенную падтрымку Украіны, Еўрапейскага Саюза і НАТА», – напісаў кіраўнік офіса прэм'ер-міністра Венгрыі Гергелі Гуляш у паведамленні ў Facebook.
Міністэрства замежных спраў Украіны, каментуючы рашэнне венгерскага ўрада заблакаваць доступ да шэрагу ўкраінскіх СМІ, падкрэсліла, што размова ідзе пра блакаванне доступу венграў да журналістыкі, заснаванай на фактах.
Венгрыя выступае супраць уступлення Украіны ў ЕС. Прэс-сакратар венгерскага ўрада Золтан Ковач абвясціў у чэрвені, што 95% выбарцаў на рэферэндуме «Voks 2025» выказаліся супраць паскоранага ўступлення Украіны ў ЕС. Галасаванне суправаджалася антыўкраінскай кампаніяй, якую ўзначальвалі венгерскія ўлады.
Венгрыя таксама з лютага блакуе пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС. У апошнія тыдні канфлікт паміж Будапештам і Кіевам абвастрыўся з-за атак Украіны на расійскую энергетычную інфраструктуру, якая пастаўляе Венгрыю нафту. Улады Будапешта назвалі гэтыя напады спробай уцягнуць Венгрыю ў вайну.
Паводле РАР/вх