Беларуская Служба

Прэзідэнт Сербіі: Расія прапанавала ЗША частку акцый у найбуйнейшай нафтавай кампаніі краіны

03.10.2025 15:18
Масква прапанавала Вашынгтону не толькі перадачу часткі акцый NIS, але і прадугледзела, што кампанія закупіць пэўны аб’ём амерыканскай нафты, якая будзе пастаўляцца праз адрыяцкі нафтаправод JANAF. 
 .
Ілюстрацыйнае фота.PAP/EPA/ANDREJ CUKIC

Расія прапанавала ЗША пераняць частку акцый у Сербскай нафтавай прамысловасці (NIS) — найбуйнейшым нафтавым канцэрне краіны. Пра гэта заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч, пацвердзіўшы інфармацыю, якая раней з’явілася ў медыях. NIS трапіў у спіс кампаній, якім могуць пагражаць амерыканскія санкцыі, бо большую частку акцый у ім дагэтуль кантралявалі расійскія кампаніі «Газпрам» і «Газпрам Нафта».

Паводле Вучыча, Масква прапанавала Вашынгтону не толькі перадачу часткі акцый NIS, але і прадугледзела, што кампанія закупіць пэўны аб’ём амерыканскай нафты, якая будзе пастаўляцца праз адрыяцкі нафтаправод JANAF. Пры гэтым сербскі лідар прызнаў, што не ўпэўнены, ці прымуць ЗША такую прапанову. «Я хацеў бы, каб расіяне знайшлі чароўную формулу для вырашэння праблемы, але, шчыра кажучы, мой нюх падказвае, што сітуацыя складаная», — адзначыў паліытк.

На пачатку года Белы дом абвясціў новы пакет санкцый супраць расійскага энергетычнага сектара, уключаючы «Газпрам Нафту» і «Сургутнафтагаз». Разам з імі ў спіс трапіў і сербскі NIS, у якім з 2008 года расійскія кампаніі валодалі кантрольным пакетам акцый. Хоць структура ўласнасці з тых часоў некалькі разоў змянялася, кантроль над кампаніяй застаецца ў руках кампаній, звязаных з «Газпрамам». 

Амерыканскія санкцыі супраць NIS ужо некалькі разоў пераносіліся, а апошні тэрмін іх увядзення прызначаны на 8 кастрычніка.

эж