Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Папяровы голем» пераклалі на нямецкую мову. Пра гэта беларускі пісьменнік паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Кніга, якую лічу адной з найважнейшых з напісаных мной — выйшла ў нямецкім перакладзе Магдалены Фогт у цудоўным бэрлінскім выдавецтве Edition Fototapeta. Golem aus Papier - так яна завецца па-нямецку. Шчыры дзякуй выдаўцу Andreas Rostek, шчыры дзякуй Магдалене Фогт, для якой гэта перакладчыцкі дэбют, вялікі аўтарскі дзякуй Юліі Цімафеевай за твой чароўны каляж на абкладцы», — напісаў Бахарэвіч.
Першая прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Мюнхене на беларускім фестывалі Minsk&Minga 12 кастрычніка. Наступная на Франкфурцкім кніжным кірмашы 15 і 16 кастрычніка.
«Нечым гэтая кніга падобная да дзённіка, нечым — ды падарожных нататак. Часам яна прыкідваецца нізкай вершаў і афарызмаў, а гадзінам — зборнікам зусім кароткіх эсэ. «Папяровы голем» — лаканічныя і выразныя, злосныя і правакацыйныя, меланхалічныя і крытычныя тэксты Альгерда Бахарэвіча, напісаныя ў эміграцыі», — адзначаецца на сайце выдавецтва «Янушкевіч», дзе ў 2024-м выйшла яе першае выданне на беларускай мове.
Доўгі час папулярны беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч быў самым забароненым беларускім пісьменнікам. У маі 2022 года яго раман «Сабакі Еўропы» быў прызнаны «экстрэмісцкім». Ён стаў першым мастацкім творам беларускай літаратуры, які атрымаў такі статус. Пазней, у сакавіку 2023 года, такі ж статус атрымала кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А».
Цяпер атрыманне экстрэмісцкага статусу стала частай з'явай. Напрыклад, у верасні 2025 года ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі кнігі Валянціна Акудовіча.
Крыніца: «Зеркало»/юл