На беларуска-ўкраінскай мяжы 16 снежня адбылося ўз’яднанне 11 расійскіх і 10 украінскіх сем’яў, раздзеленых у выніку вайны РФ супраць Украіны, паведамляе «Позірк».
Паводле інфармацыі расійскіх дзяржаўных СМІ, у Расію і Украіну вяртаюцца па 15 чалавек.
Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец паведаміў у сваім тэлеграм-канале таксама аб праведзенай сустрэчы з расійскай упаўнаважанай па правах чалавека Таццянай Маскальковай, а таксама з кіраўнікамі місій Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ва Украіне і Расіі.
«Акрамя таго, яшчэ 45 грамадзян Украіны былі вернутыя на Радзіму – гэта асобы, якія ўтрымліваліся ў пунктах часовага ўтрымання замежнікаў на тэрыторыі РФ», – гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага боку.
Уз’яднанне ўкраінскіх і расійскіх сем’яў на мяжы Беларусі і Украіны адбылося таксама 4 верасня.
Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, якая мае непарыўную мяжу як з РФ, так і з Украінай.
аз