У Празе сотні–тысяч людзей выйшлі на мітынг у абарону дэмакратыі. Акцыя пад назвай «Мы не дазволім скрасці нашу будучыню» прайшла 21 сакавіка на плошчы Летна і сабрала каля 250 тысяч удзельнікаў.
Арганізатары з ініцыятывы «Мільён імгненняў» заявілі, што хочуць прыцягнуць увагу да пагрозы дэмакратычным інстытутам, алігархізацыі чэшскага грамадства і палітыцы ўрада Андрэя Бабіша. Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Дзмітрый Гурневіч распавядае пра прычыны незадаволенасці чэхаў:
— Для Прагі гэта дастаткова звычайная з’ява, бо Прага — горад вельмі ліберальны і адкрыты. А прэм’ер-міністр Андрэй Бабіш, які цяпер кіруе ўрадам, прадстаўляе зусім іншую палітычную опцыю. Яго называюць ледзь не найгоршым дэмагогам у палітыцы. Людзі ў Празе не галасавалі за яго і раней, калі ён ужо быў прэм’ер-міністрам. Ён набірае тут мізэрную падтрымку. У Прагу на пратэст з’язджаецца электарат з розных вялікіх гарадоў. А электарат Бабіша — гэта пераважна меншыя гарады і малыя населеныя пункты, найперш у паўночна-ўсходняй частцы Чэхіі. (...)
Трэба таксама нагадаць, што ён не перамог на выбарах з абсалютнай большасцю. Ён быў вымушаны стварыць вельмі непапулярную кааліцыю. Яму давялося пайсці на саюз з палітычнымі сіламі, сярод якіх экзатычная партыя «Матарысты» — даволі антысістэмная партыя, а таксама праварадыкальная SPD, гэта значыць «Свабода і прамая дэмакратыя», якую ўзначальвае Таміа Акамура, сын японскіх эмігрантаў і лідар галоўнай антымігранцкай партыі ў Чэхіі.
Людзі выйшлі пратэставаць, таму што ім Бабіш не падабаўся ніколі. А цяпер яны бачаць у дзеяннях гэтага ўрада рэчы, якія іх насцярожваюць. На іх думку, гэта адыход ад дэмакратыі і рух у бок сцэнару суседніх Славакіі і Венгрыі, якія многія чэхі лічаць краінамі з небяспечнай недэмакратычнай тэндэнцыяй.
Канкрэтна гаворка ідзе пра некалькі рэчаў. Найперш — пра змяншэнне абароннага бюджэту краіны. Урад Андрэя Бабіша не збіраецца павялічваць гэтыя выдаткі, а наадварот — змяншае іх. Умовах вайны гэта многім чэхам не падабаецца.
Другая прычына — законапраект, падобны да расійскага закону пра «замежных агентаў». Новыя правілы могуць пагражаць грамадскім арганізацыям: яны будуць вымушаныя справаздачыцца пра кантакты з замежнымі структурамі і пра фінансавыя плыні з-за мяжы.
Трэцяя прычына — сітуацыя вакол грамадскіх медыя, якія цяпер фінансуюцца праз абанемент, а ўрад плануе фінансаваць іх з дзяржбюджэту, што паводле ўдзельнікаў пратэстаў, пагражае іх незалежнасці. Варта дадаць, што ў Чэхіі грамадскае радыё і тэлебачання цешацца вялікім аўтарытэтам у грамадстве менавіта праз высокія стандарты журналістыкі. (...)
Пра тое, ці пагражае Чэхіі алігархізацыя і выхад з ЕС, а таксама пра ўкраінскія карані прэм'ера Бабіша слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж