Згодна з апытаннямі, апублікаванымі пасля закрыцця выбарчых участкаў у Венгрыі, партыя «Ціса» перамагае ў галасаванні, апярэджваючы партыю «Фідэс» прэм'ер-міністра Віктара Орбана.
Паводле апытанняў, партыя Петэра Мадзьяра атрымае 55% галасоў, а «Фідэс» — 38%. Апытанне грамадскай думкі было праведзена Даследчым цэнтрам «21» за некалькі дзён да выбараў. Згодна з прагнозамі, «Ціса» атрымала 135 месцаў у 199-мандатным парламенце. У Венгрыі не публікуюць вынікаў экзіт-полаў, а публікуюць вынікі самых апошніх апытанняў грамадскай думкі перад выбарамі.
Перадача ўлады ў Венгрыі ў рукі апазіцыі можа зацягвацца. Такое меркаванне выказала Ілона Гізіньска, экспертка Цэнтра ўсходніх даследаванняў. На яе думку, для эфектыўнага кіравання краінай і нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам партыя «Ціса» павінна мець рашучую большасць у парламенце.
«Фармальнае блакаванне перадачы ўлады малаверагодна, але пэўныя дзеянні па адтэрміноўцы магчымыя», — заявіла экспертка.
Яна таксама адзначае, што партыя Віктара Орбана пасля 16 гадоў знаходжання ва ўладзе глыбока ўкаранілася ў структурах улады. Каб эфектыўна кіраваць краінай, апазіцыйнай партыі «Ціса» неабходна дасягнуць пераважнай большасці на выбарах. У адваротным выпадку Венгрыя сутыкнецца з палітычным тупіком, - Ілона Гізіньска (Ilona Gizińska).
— Дзеля таго, каб адбыліся поўныя змены ў сістэме вяршэнства права, якіх патрабуе Еўрапейская Камісія, новая ўлада павінна мець магчымасць уводзіць змены ў сістэму. Гэта значыць, неабходна мець дзве трэція галасоў у парламенце. Без такой большасці партыі «Ціса» вельмі цяжка было б праводзіць глыбокія рэформы і ўводзіць сістэмныя рашэнні.
Ілона Гізіньска таксама падкрэслівае, што перамога апазіцыі прывядзе да змен у палітыцы Еўрапейскага Саюза, асабліва ў сферы магчымасці блакавання рашэнняў супраць Расіі і па пытаннях Украіны. Аднак нармалізацыя адносін з ЕС і атрыманне сродкаў, стрыманых у рамках механізму абумоўленасці, таксама залежаць ад вынікаў выбараў, ці ўдасца атрымаць большасць мандатаў.
Яўка па стане на 18:30 склала 77,8%, гэта значыць, што прагаласавала больш за 5,85 мільёна выбаршчыкаў. Гэта рэкорд.
Прэм'ер-міністр Віктар Орбан і яго партыя «Фідэс» кіравалі Венгрыяй апошнія 16 гадоў.
Лідар партыі «Ціса» Петэр Мадзьяр паабяцаў, што ў сваё першае замежнае падарожжа ён адправіцца ў Польшчу.
IAR/нг