Місія назіральнікаў АБСЕ заявіла, што галасаванне на парламенцкіх выбарах у Венгрыі 12 красавіка прайшло арганізавана і без сур’ёзных парушэнняў у сам дзень выбараў, аднак уся кампанія не забяспечыла роўных умоў для канкурэнцыі. Паводле ацэнкі назіральнікаў, кіроўная партыя FIDESZ злоўжывала сваім становішчам і карысталася сістэмнымі перавагамі, — адзначыў Кіраўнік місіі Эаган Мэрфі.
—Парламенцкія выбары 12 красавіка прынеслі актыўны ўдзел грамадзян, рэкордную яўку і рэальны выбар, але не хапала роўных шанцаў. Кіроўная партыя карысталася сістэмнымі перавагамі, якія сціралі мяжу паміж дзяржавай і партыяй. Пасыл Fidesz паўтараўся ў дзяржаўных інфармацыйных кампаніях, а таксама ў дзяржаўных органах і на дзяржаўных прадпрыемствах, — заявілі ў АБСЕ.
Паводле місіі, венгерскія дзяржаўныя СМІ асвятлялі кампанію прадузята, аддаючы відавочную перавагу ўраду Віктара Орбана і FIDESZ. Паводле ацэнкі назіральнікаў, улады Венгрыі прама або ўскосна кантралююць каля 80% медыйнага рынку.
Акрамя таго, місія лічыць неабходнай рэформу сістэмы галасавання за мяжой. Нацыянальнае выбарчае бюро таксама распарадзілася паўторна пералічыць галасы ў адной з акругаў. Нагадаем, апазіцыйная TISZA выйграла выбары, атрымаўшы 136 месцаў у парламенце, гэта значыць больш за дзве траціны мандатаў.
iar/эж