Беларуская Служба

Прэзідэнт ЗША абвясціў пра перамірʼе паміж Ізраілем і Ліванам

24.04.2026 07:10
Дональд Трамп заявіў, што перамірʼе паміж Ізраілем і Ліванам будзе падоўжана на тры тыдні.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае ў Белым доме ў ВашынгтонеEPA/WILL OLIVER / POOL Dostawca: PAP/EPA

Прэзідэнт ЗША таксама адзначыў, што чакае візіту прэзідэнта Лівана і прэмʼер-міністра Ізраілю ў Белы дом на працягу наступных некалькіх тыдняў — пакуль дзейнічае перамірʼе. Аднак ён не паведаміў ніякіх падрабязнасцяў адносна магчымых перамоваў.

— Мы спадзяемся, што на працягу трох тыдняў паміж гэтымі дзвюма краінамі не будзе зроблена ніводнага стрэлу, — сказаў Дональд Трамп у Авальным кабінеце, дадаўшы, што ўсе павінны абʼяднацца супраць «Хезбалы». — Тое ж самае павінна быць праўдай для Ізраілю і Лівана. Я думаю, што ёсць добры шанец дасягнуць трывалага міру. Гэта будзе няпроста, але мы павінны старанна працаваць над гэтым. Шмат гадоў ніхто не засяроджваўся на такіх перамовах. Ліван — прыгожая краіна з вельмі разумнымі людзьмі, — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Адносна мірных перамоваў з Іранам Дональд Трамп заявіў, што не хоча, каб на яго ціснулі з заканчэннем вайны з Тэгеранам. Графік застаецца незразумелым, бо прэзідэнт ЗША не ўстанавіў цвёрдага тэрміну, да якога рэжым павінен быў бы прадставіць мірную прапанову.

Дональд Трамп даў зразумець, што не будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Ірану. Гэтая заява прагучала на фоне ўзмацнення напружанасці ў Армузскім праліве пасля таго, як прэзідэнт у чацвер (23 красавіка) загадаў ВМС ЗША страляць па любых іранскіх суднах, якія ўсталёўваюць міны.

ПР/юл