Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Пекіне з серады 13-га мая па пятніцу 15-га траўня, дзе сустрэнецца з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам.
Чакаецца, што перамовы будуць сканцэнтраваны перш за ўсё на гандлёвых адносінах, напружанасці вакол Тайваню, тэхналагічным суперніцтве паміж дзвюма дзяржавамі і вайне на Блізкім Усходзе. Гэта будзе першая сустрэча паміж двума лідарамі пасля прыпынення тарыфнай вайны паміж Вашынгтонам і Пекінам мінулай восенню.
Дональд Трамп абвясціў, што падчас перамоваў ён абмяркуе продаж зброі Тайваню і справу ганконгскага дэмакратычнага актывіста і выдаўца Джымі Лая, які быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі ў Кітаі. Пекін выступае супраць паставак амерыканскай зброі ў Тайбэй, што Вашынгтон лічыць элементам падтрымання рэгіянальнай бяспекі.
Сустрэчы папярэднічаюць сённяшнія гандлёвыя перамовы паміж ЗША і Кітаем у Паўднёвай Карэі. На думку аналітыкаў, асноўнай мэтай абодвух бакоў будзе пазбегнуць далейшай эканамічнай эскалацыі ды палітычнай напружанасці.
Перамовы таксама будуць сканцэнтраваны на абмежаваннях на экспарт тэхналогіяў, паўправаднікоў і магчымым павелічэнні закупак Кітаем амерыканскіх тавараў, у тым ліку самалётаў Boeing і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Чакаецца, што вайна з Іранам таксама стане важнай тэмай. Адміністрацыя Трампа спадзяецца, што Пекін выкарыстае свае адносіны з Тэгеранам, каб паспрыяць у спыненні канфлікту. Кітай зʼяўляецца адным з найбуйнейшых пакупнікоў іранскай нафты і мае значны эканамічны ўплыў у рэгіёне.
Разам з Дональдам Трампам у Пекін адправіцца група ключавых амерыканскіх бізнесменаў і генеральных дырэктараў тэхналагічных кампаній. Чакаецца, што ў склад дэлегацыі ўвойдуць генеральны дырэктар Tesla і SpaceX Ілон Маск, генеральны дырэктар Apple Цім Кук, а таксама прадстаўнікі фінансавага, авіяцыйнага і новых тэхналагічных сектараў.
Прысутнасць бізнес-лідараў мае на мэце падкрэсліць эканамічны аспект візіту і спробу аднавіць супрацоўніцтва паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету.
ПР/юл