Беларуская Служба

Дональд Трамп прыбыў з візітам у Кітай

13.05.2026 16:25
Візіт Трампа ў Кітай па запрашэнні яго лідара Сі Цзіньпіна працягнецца з 13 па 15 мая.
Картэж з амерыканскай дэлегацыяй накіроўваецца з пекінскага аэрапорту PAP/EPA/JESSICA LEE

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў у Пекін у суправаджэнні амерыканскай дэлегацыі, паведамляе агенцтва «Сіньхуа». Кіраўніка дзяржавы суправаджаюць высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі, у тым ліку дзяржсакратар Марка Рубіё і міністр абароны Піт Хегсет.

Візіт Трампа ў Кітай па запрашэнні яго лідара Сі Цзіньпіна працягнецца з 13 па 15 мая. Гэта першая паездка амерыканскага прэзідэнта ў КНР за апошнія дзевяць гадоў. У лістападзе 2017 года Трамп ужо наведваў Кітай падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну.

Дамоўленасць аб паездцы была дасягнутая падчас сустрэчы Трампа і Сі Цзіньпіна ў Пусане ў Паўднёвай Карэі ў кастрычніку 2025 года. Тады ж палітыкі ўзгаднілі візіт у адказ Сі ў ЗША, які павінен адбыцца пазней сёлета. Не выключана, што яго даты будуць аб'яўленыя па выніках перамоваў у Пекіне.

Асноўныя мерапрыемствы візіту Трампа запланаваныя на 14-15 мая. У рамках перамоваў Трамп і Сі Цзіньпін абмяркуюць пытанне прадаўжэння гандлёвага перамірʼя, заключанага ў кастрычніку 2025 года, і якое заканчваецца ў лістападзе 2026-га.

Чакаецца, што Пекін абʼявіць аб значных новых закупках амерыканскай прадукцыі. У прыватнасці, Кітай можа ўзяць абавязацельствы штогод набываць 25 млн. т соевых бабоў на працягу наступных трох гадоў, а таксама павялічыць увоз амерыканскай ялавічыны, мяса птушкі і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Вашынгтон і Пекін таксама блізкія да заключэння здзелкі аб пастаўцы Кітаю прыкладна 500 самалётаў Boeing 737 MAX і больш за 10 шырокафюзеляжных лайнераў. Акрамя таго, у Белым доме разлічваюць узгадніць рост экспарту ў Кітай амерыканскіх энерганосьбітаў: вугалю, нафты і прыроднага газу.

Пекін жа, як мяркуецца, пастараецца атрымаць змякчэнне амерыканскіх абмежаванняў на пастаўкі паўправаднікоў і абсталявання для іх вытворчасці. Акрамя таго, паводле інфармацыі CBS News і The New York Times, Сі Цзіньпін хоча дабіцца ад ЗША змены ключавой фармулёўкі па Тайвані. Цяпер Вашынгтон афіцыйна заяўляе, што «не падтрымлівае» незалежнасці вострава. Пекін жа патрабуе, каб амерыканскі бок пайшоў далей і заявіў, што «выступае супраць» гэтага.

Дональд Трамп будзе знаходзіцца толькі ў Пекіне — у іншыя кітайскія гарады ён не паедзе.

вс