Беларуская Служба

Кітай высока ацаніў «новы падыход» ЗША ў двухбаковых адносінах

14.05.2026 14:02
Чакаецца, што суперніцтва звышдзяржаў паменшыцца, але Пекін усталёўвае «чырвоныя лініі»
          .
Старшыня Кітая Сі Цзіньпін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у Пекіне.REUTERS

Кітайскі лідар даў высокую ацэнку «новаму падыходу» ЗША ў двухбаковых адносінах. Суперніцтва звышдзяржаў паменшыцца, але Пекін усталёўвае «чырвоныя лініі». Адна з іх — дапамога Тайваню, які Кітай лічыць часткай сваёй тэрыторыі.

Згодна з заявай Міністэрства замежных спраў Кітая, апублікаванай пасля перамоваў Трампа з Сі, лідары ​​выступілі за наладжванне стабільных адносін паміж Пекінам і Вашынгтонам да канца тэрміну паўнамоцтваў Дональда Трампа ў Белым доме.

Перамовы былі сканцэнтраваны на гандлёвых пытаннях. Перамірʼе ў тарыфнай вайне, абвешчанай Трампам супраць Кітая ў мінулым годзе, завяршаецца восенню.

Тайванскае пытанне знаходзіцца на пярэднім плане ў адносінах паміж Пекінам і Вашынгтонам. Кітайскі лідар папярэдзіў Трампа аб непажаданасці далейшага ўдзелу ЗША ў падтрымцы Тайваню. Ён сказаў, што ў «пэўных сітуацыях» гэтае пытанне можа нават справакаваць «канфлікт» паміж ЗША і Кітаем.

Вашынгтон збіраецца прадаць тайванскім уладам зброю на суму больш за 11 мільярдаў долараў. ЗША імкнуцца забяспечыць абароназдольнасць вострава ў выпадку пагрозы. 

Мэта Сі Цзіньпіна — як называе гэта кітайская прапаганда — «абʼяднанне» ўсіх кітайскіх зямель падчас яго прэзідэнцтва. Аднак у цяперашняй сітуацыі гэта азначала б узброены канфлікт, які можа перарасці ў рэгіянальную вайну.

ПР/юл