Шматнацыянальная брыгада НАТА ў Латвіі ўпершыню размясціла сваіх вайскоўцаў у Даўгаўпілсе на паўднёвым усходзе краіны. Да гэтага асноўным месцам дыслакацыі сіл Альянсу была база ў Адажы каля Рыгі.
Паводле латвійскага партала SARGS, вайскоўцы будуць знаходзіцца ў Даўгаўпілсе на ратацыйнай аснове, аднак прысутнасць НАТА ў горадзе стане пастаяннай. Кожная ратацыя працягнецца ад 15 да 20 дзён.
Камандзір шматнацыянальнай брыгады палкоўнік Крыстафер Рыўз адзначыў, што для эфектыўнай абароны Латвіі саюзнікі павінны добра ведаць мясцовасць, інфраструктуру і жыхароў рэгіёна. Паводле яго, галоўная задача кантынгенту — стрымліванне магчымай агрэсіі праз падтрымку абаронных магчымасцяў.
Намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Хесус Абат-Санчас паведаміў, што НАТА плануе развіваць сваю прысутнасць таксама ў раёнах Алукснэ і Рэзэкнэ.
Шматнацыянальная брыгада НАТА ў Латвіі знаходзіцца пад камандаваннем Канады і аб’ядноўвае вайскоўцаў з 14 краін Альянсу, у тым ліку з Польшчы.
iar/эж