Беларуская Служба

У Арменіі праходзяць парламенцкія выбары. Галасаванне — праверка празаходняй палітыкі Пашыняна

07.06.2026 11:34
Армянская палітычная сцэна моцна палярызаваная, перадвыбарная кампанія праходзіла ў напружанай атмасферы.
    .
У Арменіі праходзяць парламенцкія выбары.Foto: PAP/EPA/VAHRAM BAGHDASARYAN/PHOTOLURE

У Арменіі праходзяць парламенцкія выбары. Галасаванне праходзіць з 8:00 да 20:00 паводле мясцовага часу (з 6:00 да 18:00 паводле польскага часу, з 7:00 да 19:00 паводле беларускага часу). Папярэднія афіцыйныя вынікі павінны быць вядомы ўжо ў нядзелю. У перадвыбарчых апытаннях лідарам з'яўляецца партыя «Грамадскае пагадненне» прэмʼер-міністра Нікола Пашыняна.

Права голасу маюць каля 2,5 млн грамадзян Арменіі. Яны будуць выбіраць кандыдатаў з 19 спісаў, якія ўвойдуць у аднапалатны Нацыянальны сход, паведамляе Польскае агенцтва друку.

У выніку выбараў будзе абраны не менш за 101 дэпутат, тэрмін паўнамоцтваў якіх складае пяць гадоў. Колькасць запоўненых мандатаў можа быць большай, паколькі армянскае выбарчае заканадаўства прадугледжвае кампенсацыйныя механізмы, закліканыя гарантаваць стабільную большасць. У сёлетнім скліканні парламента 107 дэпутатаў.

Паводле апытанняў, фаварытам зʼяўляецца цэнтрысцкая партыя «Грамадскае пагадненне». Яе галоўнымі канкурэнтамі зʼяўляюцца два выбарчыя альянсы: «Моцная Арменія» армяна-расійскага алігарха Самвела Карапецяна, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, і «Блок Арменія» былога прэмʼер-міністра Роберта Качарана.

Выбары разглядаюцца як праверка праводзімай Пашынянам палітыкі, якая прадугледжвае ўмацаванне адносін з ЗША і Еўрапейскім Саюзам, а таксама заключэнне трывалага міру з Азербайджанам, з якім Ерэван быў уцягнуты ў канфлікт вакол Нагорнага Карабаха, які працягваўся дзесяцігоддзямі і ў выніку завяршыўся паразай Арменіяй.
Найбуйнейшыя апазіцыйныя партыі робяць стаўку на захаванне палітычнага і эканамічнага саюза з Масквой, а таксама абвінавачваюць Пашыняна ў празмерных саступках Азербайджану.

Армянская палітычная сцэна моцна палярызаваная, перадвыбарная кампанія праходзіла ў напружанай атмасферы. СМІ паведамлялі аб масавых дэзынфармацыйных аперацыях Расіі, накіраваных супраць Пашыняна. Улады, у сваю чаргу, арыштавалі дзясяткі чалавек, у тым ліку звязаных з апазіцыйнымі партыямі, абвінавачваючы іх у подкупе галасоў, што апаненты прэмʼера расцанілі як палітычныя рэпрэсіі.

Агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў разведцы паведаміла, што Крэмль разглядае магчымасць адпраўкі на выбары да 100 тыс. грамадзян Арменіі, якія пастаянна пражываюць у Расіі. У выбарах могуць удзельнічаць толькі грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны ў дзень галасавання.

вс