«Back to One» (вяртанне ў нулявую зону) — гэта амерыканскі кароткаметражны дакументальны фільм польскага рэжысёра з Нью-Ёрка Сыльвестра Лукасевіча (Sylwester Łukasiewicz), зняты з нагоды 25-й гадавіны тэрактаў на будынкі Сусветнага цэнтра гандлю. Цягам апошніх дзён фільм дэманстраваўся лакальнымі станцыямі грамадскага тэлебачання PBS па ўсёй тэрыторыі ЗША. Яго паглядзелі мільёны гледачоў. Сёння, 11 верасня, у гадавіну тэракту, яго прэм’ера адбываецца ў Польшчы.
Дакументальная стужка распавядае гісторыю Стывена Ліндсі, былога кіраўніка абслугоўвання банкетаў і менеджара знакамітага рэстарана «Windows on the World», які размяшчаўся на верхнім паверсе адной з вежаў. Упершыню за 24 гады Стывен вяртаецца на месца адбудаванага Сусветнага гандлёвага цэнтра, прапаноўваючы гледачам магчымасць паглыбіцца ў асабістую гісторыю – шлях ад трагедыі да адраджэння.
Гэтая стужка — асабістае вяртанне галоўнага героя: да месца, да ўспамінаў і да людзей, чыё жыццё назаўсёды змянілася пасля нападаў у Нью-Ёрку, — расказаў Польскаму радыё рэжысёр Сыльвестар Лукасевіч.
— Я перажыў падзеі 11 верасня крыху інакш, бо знаходзіўся ў гэтым месцы ў тую раніцу, але мой фільм паказвае чалавека, які працаваў там, у гэтым будынку. Стужка фіксуе яго ўспаміны пра гэтае месца і пра людзей, з якімі ён працаваў да тых падзей.
11 верасня 2001 года, калі здарыліся тэракты, у героя фільма быў выходны дзень.
Як звычайна, асноўныя памятныя мерапрыемствы пройдуць у Нью-Ёрку. Як і ў папярэднія гады, блізкія загінулых зачытаюць імёны 2977 чалавек, якія страцілі жыццё. Акрамя сем'яў ахвяр, пажарных, паліцэйскіх і мясцовых чыноўнікаў, на мерапрыемстве будуць прысутнічаць Біл Клінтан, Джордж Буш, Барак Абама і Джо Байдэн. Дональд Трамп адзначыць гадавіну ў Пентагоне, дзе плануе выступіць з прамовай. Паведамляецца, што ён адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве ў Нью-Ёрку, бо не змог бы там выступіць. Белы дом будзе прадстаўляць віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс.
Ян Пахлёўскі/IAR/нг