Міністр культуры Ізраіля Мікі Зохар запатрабаваў расследавання таго, ці здзейснілі стваральнікі фільма «NAZA», узнагароджанага ў Венецыі, дзяржаўную здраду і ці варта пазбаўляць іх грамадзянства, паведаміла ў панядзелак газета «Haarec». Дакументальны фільм, заснаваны на сведчаннях ізраільскіх салдат, расказвае пра забойства мірных жыхароў у сектары Газа.
Зохар назваў фільм «подлым» і абвінаваціў яго ізраільскіх стваральнікаў, Юваля Абрахама і Рэйчэл Шор, у тым, што яны кіруюцца «ярай нянавісцю да сябе» і гатовыя нанесці шкоду ўласнай краіне, каб заслужыць павагу антысемітаў. У нядзелю ён абвясціў аб намаганнях пазбавіць іх ізраільскага грамадзянства за «парушэнне лаяльнасці да дзяржавы і супрацоўніцтва з ворагам».
У панядзелак у інтэрв'ю радыёстанцыі 103FM Зохар прызнаў, што як міністр культуры ён не мае паўнамоцтваў, каб пазбаўляць грамадзянства. Аднак ён абвясціў, што папросіць Міністэрства ўнутраных спраў расследаваць гэтае пытанне, у тым ліку паходжанне матэрыялаў, выкарыстаных у фільме, і ці маглі яны быць атрыманы незаконна.
У суботу «NAZA» атрымаў спецыяльны прыз журы на 83-м Венецыянскім кінафестывалі. Фільм выклікаў рэзкую рэакцыю ў Ізраілі з боку ўладаў, многіх палітыкаў і каментатараў. Былы міністр абароны Авігдор Ліберман заявіў, што Абрагам і Шор «ненавідзяць Ізраіль», а былы прэмʼер-міністр Нафталі Бенет назваў фільм «жахлівым паклёпам на нашых сыноў і дачок».
Ізраільская армія абвяргае абвінавачванні, выкладзеныя ў дакументальным фільме, заявіўшы, што салдаты і супрацоўнікі разведкі, якія выступалі ў ім, застаюцца ананімнымі, што робіць немагчымай праверку іх асоб.
Партал «Ynet» паведаміў, што ізраільская армія, Міністэрства замежных спраў і ўрадавае падраздзяленне, адказная за грамадскую дыпламатыю (Hasbara) вядуць «гарачыя» перамовы па падрыхтоўцы шырокай інфармацыйнай кампаніі супраць фільма. Яна будзе праводзіцца на розных платформах, у першую чаргу на лічбавых каналах.
«NAZA» заснаваны на ананімных інтэрвʼю з 24 асобамі, звязанымі з ізраільскай арміяй і разведкай. Суразмоўцы апісваюць, сярод іншага, выкарыстанне сістэм са штучным інтэлектам для вызначэння цэляў у сектары Газа і правядзенне атак з рызыкай высокай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Адзін герой сцвярджаў, што была дазволена гібель 500 мірных жыхароў, каб забіць аднаго члена ХАМАС.
ав
PAP/EPA/BUESRA TASDEMIR