Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Амерыканцы абвінавачваюць супрацоўнікаў расійскай разведкі ў дыверсіях у ЗША і Еўропе

16.09.2026 10:02
Федэральная пракуратура ў Нью-Ёрку ў аўторак выставіла абвінавачванні супраць двух супрацоўнікаў расійскай разведкі ды іх трох паплечнікаў з Кубы і Венесуэлы.
       -
Генеральны пракурор ЗША Тод Бланш выступае на прэс-канферэнцыіEPA/SHAWN THEW Dostawca: PAP/EPA

Абвінавачаныя планавалі і каардынавалі замахі і акты дыверсій у ЗША і Еўропе. Сярод цэляў былі Літва і Чэхія, і патэнцыйнай — Польшча.

Абвінавачанымі зʼяўляюцца палкоўнік расійскай разведкі Юрый Храмееў і яго сын Кірыл, супрацоўнік ФСБ, а таксама кубінцы Оэміс Рамагоза Дуруці, Яйдэль Дэльгада Суарэс і венесуэлец Анхель Эдуарда Кастра, якія жывуць у Расіі. Усе пяцёра ўдзельнічалі ў арганізацыі, каардынацыі і вербаванні агентаў для шэрагу нападаў.

Гаворка ідзе пра нерэалізаваныя планы забойства расійскіх дысідэнтаў у Вашынгтоне і Вільнюсе, а таксама падпалы аўтобусных прыпынкаў у Чэхіі і прамысловага завода ў Шаўляі ў Літве. Усім прадʼяўленыя абвінавачванні ў змове з мэтай фінансавання тэрарызму і замаху на забойства па найме.

У абвінаваўчым заключэнні пазначана, што названыя злачынцы застаюцца на волі, але прынамсі адзін неназваны паплечнік быў затрыманы ў Нью-Ёрку.

— Падсудныя, як мяркуецца, дзейнічалі ў складзе глабальнай групы забойцаў, якая дасягнула Злучаных Штатаў, спрабуючы завербаваць грамадзян ЗША і замежных грамадзян для здзяйснення забойстваў для Крамля, — заявіў у сваёй заяве памочнік генеральнага пракурора па нацыянальнай бяспецы Джон А. Айзенберг. — Такія дзеянні ўяўляюць сабой відавочнае парушэнне нашага суверэнітэту і пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы. Мы спынім любыя спробы замежных спецслужбаў свабодна дзейнічаць у нашай вялікай краіне і не супакоімся, пакуль яны і іх памагатыя не сутыкнуцца з самымі жорсткімі наступствамі, прадугледжанымі федэральным заканадаўствам, — заявіў пракурор.

РАР/юл