Абвінавачаныя планавалі і каардынавалі замахі і акты дыверсій у ЗША і Еўропе. Сярод цэляў былі Літва і Чэхія, і патэнцыйнай — Польшча.
Абвінавачанымі зʼяўляюцца палкоўнік расійскай разведкі Юрый Храмееў і яго сын Кірыл, супрацоўнік ФСБ, а таксама кубінцы Оэміс Рамагоза Дуруці, Яйдэль Дэльгада Суарэс і венесуэлец Анхель Эдуарда Кастра, якія жывуць у Расіі. Усе пяцёра ўдзельнічалі ў арганізацыі, каардынацыі і вербаванні агентаў для шэрагу нападаў.
Гаворка ідзе пра нерэалізаваныя планы забойства расійскіх дысідэнтаў у Вашынгтоне і Вільнюсе, а таксама падпалы аўтобусных прыпынкаў у Чэхіі і прамысловага завода ў Шаўляі ў Літве. Усім прадʼяўленыя абвінавачванні ў змове з мэтай фінансавання тэрарызму і замаху на забойства па найме.
У абвінаваўчым заключэнні пазначана, што названыя злачынцы застаюцца на волі, але прынамсі адзін неназваны паплечнік быў затрыманы ў Нью-Ёрку.
— Падсудныя, як мяркуецца, дзейнічалі ў складзе глабальнай групы забойцаў, якая дасягнула Злучаных Штатаў, спрабуючы завербаваць грамадзян ЗША і замежных грамадзян для здзяйснення забойстваў для Крамля, — заявіў у сваёй заяве памочнік генеральнага пракурора па нацыянальнай бяспецы Джон А. Айзенберг. — Такія дзеянні ўяўляюць сабой відавочнае парушэнне нашага суверэнітэту і пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы. Мы спынім любыя спробы замежных спецслужбаў свабодна дзейнічаць у нашай вялікай краіне і не супакоімся, пакуль яны і іх памагатыя не сутыкнуцца з самымі жорсткімі наступствамі, прадугледжанымі федэральным заканадаўствам, — заявіў пракурор.
РАР/юл