Пасля ўступлення Украіны ў Еўрасаюз, супольнасць плануе ўвесці абмежаванні на імпарт часткі ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка даведалася пра падрабязнасці стратэгіі пашырэння, якую Еўракамісія апублікуе заўтра (6 кастрычніка).
Згаданы дакумент павінен паказаць спосаб функцыянавання ЕС пасля магчымага далучэння новых краін. Заўтра камісары прымуць рашэнне аб канчатковым кшталце гэтай стратэгіі.
Перспектыва ўступлення Украіны ў ЕС з яе сельскагаспадарчым сектарам, які мае велізарны вытворчы патэнцыял, выклікае заклапочанасць у краін ЕС. Таму палажэнні аб забароне імпарту адчувальнай сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны прызначаны для таго, каб супакоіць дзяржавы-члены ЕС і гарантаваць, што функцыянаванне еўрапейскага рынку не будзе парушана.
У дакуменце не згадваюцца канкрэтныя прадукты, але можна меркаваць, што гаворка ідзе, у першую чаргу пра ўкраінскае збожжа, у тым ліку пшаніцу. Польшча, Венгрыя і Славакія ўжо блакуюць імпарт пшаніцы з Украіны, парушаючы пры гэтым правілы ЕС.
Верагодна, дакумент таксама будзе ўключаць палажэнні аб выкананні стандартаў дабрабыту жывёл ва Украіне.
Уся стратэгія ўяўляе сабой новы падыход ЕС да пашырэння, прыёму новых краін і так званых ахоўных мер. Яна прадугледжвае, сярод іншага, што новыя краіны не змогуць блакаваць рашэнні дзяржаў-членаў, якія патрабуюць аднагалоснасці. Гэта датычыцца, напрыклад, рашэнняў у пытаннях замежнай палітыкі, такіх як санкцыі.
ЕС таксама хоча мець магчымасць лягчэй прыпыняць права голасу новых краін, калі яны пачнуць парушаць стандарты ЕС. У цяперашні час у ЕС па такіх справах патрабуецца аднагалоснасць. У выпадку новых краін, Еўракамісія прапануе прымаць рашэнні большасцю галасоў.
Цяпер згаданая стратэгія будзе абмяркоўвацца краінамі ЕС. Першае абмеркаванне адбудзецца на самым высокім узроўні — сярод еўрапейскіх лідараў — на саміце ў Бруселі ў канцы наступнага тыдня.
IAR/аз