У Расіі пашыраецца боязь чумы. Незалежныя СМІ і інтэрнэт-каналы публікуюць інтэрв'ю з экспертамі, а карыстальнікі інтэрнэту дзеляцца інфармацыяй пра спосабы прафілактыкі заражэння. Чыноўнікі розных узроўняў настойваюць на тым, што выпадкаў чумы не было і, тым больш, няма пагрозы эпідэміі.
Дыскусію выклікала смерць лабаранткі, якая працавала ў іркуцкім інстытуце, які даследаваў бактэрыю чумы. Паводле некаторых незалежных СМІ, жанчына разбіла прабірку, заразілася і памерла.
— Гэта не чума, а пнеўманія невядомага паходжання, — афіцыйна паведамляе служба аховы здароўя.
Прэс-сакратар Крамля таксама пракаментаваў гэтае пытанне.
— Галоўнай установай, кампетэнтнай у гэтым пытанні, з'яўляецца Расспажыўнагляд. Мы павінны слухаць яго паведамленні, а не розныя чуткі, — заявіў Дзмітрый Пяскоў.
Суседзі Расіі — Казахстан, Узбекістан і Кыргызстан — увялі санітарны кантроль на памежных пераходах, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў дапамогу ў выпадку рэальнай эпідэміі.
Грамадзянам Злучаных Штатаў рэкамендуецца не наведваць Расію, а тым, хто ўжо знаходзіцца ў гэтай краіне, трэба неадкладна пакінуць яе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Амбасады ЗША ў РФ.
У прыватнасці, амерыканскае пасольства паведамляе пра паведамленні ў СМІ з Іркуцкай вобласці аб верагодным выпадку лёгачнай чумы, якая прывяла да гібелі чалавека, а таксама аб звязаных з гэтым каранцінных мерах і закрыцці бальніц у Іркуцку.
— Мы працягваем уважліва сачыць за сітуацыяй. Урад ЗША мае абмежаваныя магчымасці для аказання дапамогі грамадзянам ЗША ў Расіі, асабліва за межамі Масквы. Супрацоўнікі ўрада ЗША могуць сутыкнуцца з дадатковымі абмежаваннямі на асабістыя і службовыя паездкі ў пэўныя рэгіёны з-за занепакоенасці сітуацыяй са здароўем.
IAR/UNIAN/нг