Вялікабрытанія правяла вайсковыя вучэнні, на якіх быў адпрацаваны сцэнар сілавога вяртання кантролю над Фалклендскімі (Мальвінскімі) астравамі. Архіпелаг мае статус брытанскай заморскай тэрыторыі.
У шасцідзённых вучэннях былі задзейнічаныя 150 брытанскіх салдат і афіцэраў, якія дзейнічалі сумесна са 100 рэзервістамі з Сіл абароны Фалклендскіх астравоў. Брытанцы высадзіліся на найбуйнейшы востраў архіпелага – Усходні Фалкленд — з борта патрульнага карабля HMS Medway, прыбыўшы на бераг на надзіманых лодках. Пасля гэтага вайскоўцы здзейснілі начны марш-кідок працягласцю ў 32 км і на досвітку атакавалі ўмоўны вузел сувязі праціўніка. Самалёты Typhoon каралеўскіх ВПС забяспечвалі падтрымку з паветра. За аснову вучэнняў была ўзятая брытанская дэсантная аперацыя Sutton, праведзеная ў маі 1982 года падчас Фалклендскай вайны.
Гэта першыя вучэнні па абароне астравоў за апошнія гады. Прычынай іх правядзення маглі стаць заявы Аргенціны адносна прыналежнасці архіпелага, якія рэзка абвастрыліся ў апошнія месяцы.
Фалклендскія астравы, размешчаныя ў паўднёва-заходняй частцы Атлантычнага акіяна, ужо 200 гадоў з'яўляюцца прадметам тэрытарыяльнай спрэчкі паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй. У красавіку 1982 года паміж краінамі разгарэўся ўзброены канфлікт. Аргенціна пацярпела ў ім паражэнне, страціўшы за два з паловай месяца баявых дзеянняў 649 вайскоўцаў. Страты брытанскага боку склалі 255 чалавек.
У сакавіку 2013 года пераважная большасць жыхароў архіпелага выказалася на рэферэндуме за тое, каб гэтая тэрыторыя засталася ва ўладанні каралеўства. Аргенціна не прызнала вынікаў плебісцыту. Фалклендскі архіпелаг складаецца з двух буйных і амаль 800 дробных астравоў плошчай крыху больш за 12 тыс. кв. км. Іх насельніцтва — каля 3 тыс. 200 чалавек.
вс