Прэм'ер-міністр Дональд Туск пацвердзіў, што ў нядзелю і ў панядзелак у Польшчы аб'яўлена нацыянальная жалоба пасля трагічных падзей у Кракаве. Прэзідэнт Караль Наўроцкі раней звярнуўся з такой просьбай да ўраду. Для аб'яўлення нацыянальнай жалобы патрабуецца згода прэм'ер-міністра. Дональд Туск напісаў у сацсетках, што падчас гэтага трагічнага здарэння геройства паказалі паліцэйскія, якія адрэагавалі маланкава і, магчыма, прадухілілі чарговыя забойствы.
— Падчас трагедыі ў Кракаве мы ўбачылі тое, што найлепшае ў людзях: мужнасць паліцэйскіх, адданасць медыцынскіх работнікаў і бескарыслівую дапамогу звычайных людзей, якія ратавалі іншых. Мы ўсе ім неверагодна ўдзячныя. Паліцэйскія Якуб Кулік і Артур Маранскі — сапраўдныя героі. Яны, верагодна, выратавалі шмат жыццяў, нягледзячы на рызыку для ўласнага жыцця. Іх стан цяжкі, але яны атрымліваюць выдатную медычную дапамогу. Уся Польшча думае пра іх, — напісаў Дональд Туск.
У выніку страляніны ў цэнтры Кракава загінулі шэсць чалавек, 16 былі параненыя, у тым ліку два паліцэйскія, якія кінуліся на дапамогу людзям, каб стрымаць агрэсара. Ён сам быў цяжка паранены і затрыманы.
Каля 15:00 нападнік заехаў на машыне на Рынкавую плошчу і пачаў страляць па выпадковых людзях. Пазней аказалася, што ён таксама забіў сваіх блізкіх — дзвюх жанчын і мужчыну (бацькоў і сястру). Яны былі знойдзеныя ў доме стралка.
У чалавека, які страляў па людзях на Рынку ў Кракаве, быў дазвол на агнястрэльную зброю.
IAR/нг