Уплывовыя прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ў Кангрэсе ЗША абвінавачваюць пасланнікаў Дональда Трампа Джарэда Кушнера і Стыва Уіткафа ў падрыве пазіцый Украіны і аслабленні НАТА. Яны закідаюць ім паўтарэнне крамлёўскай прапаганды і разгляд магчымасці вываду амерыканскіх сіл з Усходняй Еўропы.
Заяву падпісалі вядучыя прадстаўнікі дэмакратаў у камітэтах па міжнародных справах і ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў, а таксама ў камітэце па ўзброеных сілах Сената — Грэгары Мікс, Адам Сміт і Джэк Рыд.
На іх думку, размовы пра новую сістэму бяспекі ў Еўропе і магчымы вывад амерыканскіх сіл з яе ўсходняй часткі абсалютна непрымальныя з пункту гледжання будучыні НАТА і бяспекі Злучаных Штатаў.
Дэмакраты абвінавачваюць амерыканскіх пасланнікаў у тым, што яны пастаянна ціснуць на Кіеў, патрабуючы саступіць тэрыторыі, у тым ліку адмовіцца ад паласы ўмацаванняў, якая стрымлівае наступ расійскіх войскаў на захад.
На думку дэмакратаў, Кушнер і Уіткаф ставяцца да барацьбы ўкраінскага народа за выжыванне як да здзелкі на рынку нерухомасці.
— Разам з Трампам яны працуюць на Пуціна, а не на карысць амерыканцаў, — напісалі кангрэсмены. Яны падкрэслілі, што Пуцін разумее толькі мову сілы, а саступкі яму не прынясуць міру.
У студзені дэмакраты будуць мець большасць у абедзвюх палатах Кангрэса. Аўтары заявы могуць узначаліць ключавыя парламенцкія камітэты.
IAR/яс