Дзяржаўны дэпартамент ЗША папярэджвае амерыканскіх грамадзян, якія плануюць правесці калядныя і навагоднія святы за мяжой, пра неабходнасць захоўваць пільнасць, дбаць пра ўласную бяспеку і ўважліва сачыць за тым, што адбываецца навокал. У ведамстве падкрэсліваюць, што масавыя мерапрыемствы і вялікія скапленні людзей могуць стаць мішэнню тэрарыстычных груповак або злачынцаў. Адпаведныя папярэджанні з'явіліся на сайтах амерыканскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Польшчы.
У святочны перыяд па ўсёй Еўропе магчымыя перабоі ў працы транспарту і парушэнні звыклага рытму паўсядзённага жыцця. У апошнія месяцы ў еўрапейскіх краінах пачасціліся забастоўкі і дэманстрацыі. У лістападзе ў многіх краінах Еўропы былі зафіксаваныя ілжывыя паведамленні пра закладзеныя выбуховыя прыстасаванні, накіраваныя супраць грамадзянскай авіяцыі. Гэта прывяло да збояў у авіязносінах, гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента.
Амерыканскім грамадзянам, якія падарожнічаюць за мяжой падчас святаў, рэкамендуюць рэгулярна сачыць за мясцовымі навінамі, каб своечасова атрымліваць інфармацыю пра падзеі, здольныя паўплываць на працу транспарту або паўсядзённае жыццё.
Дзярждэпартамент таксама папярэджвае, што тэрарысты, у тым ліку асобы, якія дзейнічаюць самастойна, могуць здзейсніць напад без папярэджання. Іх мішэнямі могуць стаць месцы, якія часта наведваюць турысты: кірмашы, транспартныя вузлы, гандлёвыя цэнтры, культавыя збудаванні і іншыя грамадскія прасторы.
У сувязі з гэтым грамадзянам ЗША рэкамендуюць захоўваць асаблівую асцярожнасць падчас наведвання калядных кірмашоў, святочных фестываляў, масавых мерапрыемстваў і іншых месцаў вялікага скаплення людзей.
IAR/яс