Беларуская Служба

Польскі консул і рабін Нью-Ёрку заклікалі палякаў і габрэяў аб’яднацца

31.08.2019 17:21
Мацей Галюбіеўскі і Шмулі Боціч пераконваюць, што ў палякаў і габрэяў ёсць супольная гісторыя, датычная жаху вайны.
Аўдыё

Генеральны консул Польшчы ў Нью-Ёрку Мацей Галюбіеўскі (Maciej Golubiewski) і рабін Нью-Ёрку Шмулі Боціч (Shmuley Boteach) заклікалі палякаў і габрэяў супольна адзначыць гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны. У каментары, апублікаваным у „New York Post”, яны сцвярджаюць, што ў абодвух народаў ёсць агульная гісторыя зверства вайны.

Мацей Галюбеўскі і Шмулі Боціч нагадваюць, што падчас Другой сусветнай вайны Польшча страціла найбольш сваіх грамадзянаў. Сярод іх былі 3 мільёны габрэяў, якія сталі ахвярамі вынішчэння толькі таму, што яны былі габрэямі.

„Досвед вайны мы ўсе будзем лепш памятаць, калі палякі і габрэі будуць дзейнічаць разам”, - пішуць аўтары артыкула.

Яны таксама адзначаюць, што пачатак Другой сусветнай вайны быў актам сумеснай агрэсіі нацысцкай Германіі і Савецкага Саюза.

Галюбеўскі і Боціч узгадваюць герояў ротмістра Вітальда Пілецкага (Witold Pilecki) і Яна Карскага (Jan Karski), а таксама тое, што Захад не хацеў адкрыць сваіх межаў для габрэйскіх уцекачоў, нягледзячы на паведамленні пра іх масавае знішчэнне ў Еўропе.

„У апошні час мы прывыклі да напружанасці паміж палякамі і габрэямі, а таксама Польшчай і Ізраілем. Аднак 1 верасня палякі і габрэі павінны аб'яднацца і даць агульнае сведчанне жорсткасці вайны”, - падкрэсліваюць аўтары артыкула.

аз