Алжырца выйшлі на антыўрадавыя пратэсты ў чацвер, 12 снежня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Яны заклікалі да байкоту прэзідэнцкіх выбараў і аспрэчвалі іх легітымнасць, паколькі галасаванне арганізавана прадстаўнікамі старога рэжыму. Пяцёра кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы з'яўляюцца прадстаўнікамі ранейшай палітычнай эліты. У іх ліку – двое былых прэмʼер-міністраў.
Паліцыя ўзмацніла прысутнасць у сталіцы паўночнаафрыканскай краіны. Разам з аўтамабілямі і пешымі патрулямі для забеспячэння бяспекі быў задзейнічаны верталёт.
У Алжыры з сярэдзіны лютага праходзяць пратэсты, найбуйнейшыя з часоў «арабскай вясны» 2011 года. Спачатку іх удзельнікі выступалі супраць меркаванага пятага прэзідэнцкага тэрміну 82-гадовага Абдэльазіза Бутэфлікі.
Незадоўга да выбараў, якія першапачаткова былі прызначаныя на сярэдзіну красавіка, ён адмовіўся выстаўляць сваю кандыдатуру, а затым паведаміў Канстытуцыйнай радзе Алжыра аб неадкладным складанні паўнамоцтваў. Парламент краіны прызначыў часовым кіраўніком дзяржавы 77-гадовага Абдэлькадэра Бенсалеха, які больш за 16 гадоў займаў пасаду старшыні Савету нацыі.
Абдэльазіза Бутэфліка зʼяўляўся прэзідэнтам Алжыра з 1999 года. Пасля інсульту ў 2013 годзе Бутэфліка прыкаваны да інваліднага крэсла, з тых часоў ён рэдка зʼяўляецца на публіцы і не выступае з прамовамі.
паводле dw.com/эж