Старшыня балгарскай нацыяналістычнай партыі «Атака» Волен Сідэраў вышукваўся за заклікі да масавага парушэння законаў надзвычайнага становішча, выкліканага ў Балгарыі пандэміяй каранавіруса новага тыпу. У першай палове дня 15 красавіка палітык нацыяналістычнага толку Волен Сідэраў прыбыў у пракуратуру. Там яго затрымалі на 24 гадзіны.
«Хай людзі выйдуць масава на Вялікдзень і пакажуць, што Бог вышэй Мутафчыйскага (начальніка Нацыянальнага аператыўнага штаба Балгарыі рэд.)», – заклікаў на мінулым тыдні Сідэраў. Палітык ужо шмат гадоў вядомы публічнымі скандаламі. Праваслаўны Вялікдзень прыпадае акурат на бліжэйшую нядзелю.
Супраць лідара балгарскай «Атакі» было ўзбуджана тры справы, – паведаміла пракуратура. Паколькі ў сераду яго не знайшлі па месцы рэгістрацыі, праваахоўнікам была выдадзена арыенціроўка на яго.
Волен Сідэраў – даўні дэпутат і шматразовы кандыдат у прэзідэнты Балгарыі. Летась восенню пасля скандалу ў нацыяналістычнай кааліцыі, членам якой ён быў, падаў у адстаўку, склаўшы дэпутацкі мандат. Пазней Волен Сідэраў выйграў выбары ў гарадскі савет Сафіі. «Атака» пакінула ўрадавую кааліцыю.
За апошнія гады Сідэраў быў чатыры разы асуджаны за хуліганства, мае ўмоўны тэрмін.
PAP/эж