Беларуская Служба

У Саудаўскай Аравіі адмянілі пакаранне лупцоўкай

25.04.2020 14:01
Такое рашэнне суда звязанае з рэформай у галіне правоў чалавека, якая праводзіцца ў краіне.
 ,
Саудаўская Аравія, горад Медынаalymo/pixabay.com/free images for commercial use

Вышэйшы суд Саудаўскай Аравіі выключыў збіццё бізуном з пераліку дапушчальных формаў пакарання, паведамляе «Корреспондент» са спасылкай на агенцтва Reuters.

Лупцоўку заменяць штрафамі або турэмным зняволеннем.

Такое рашэнне суда звязанае з рэформай у галіне правоў чалавека, якая праводзіцца ў краіне.

Лупцоўкай у Саудаўскай Аравіі каралі за розныя злачынствы: крадзяжы, падробку дакументаў, паклёп, публічнае ап'яненне і дамаганні. Прычым з-за адсутнасці кадыфікаванай сістэмы права асобныя суддзі інтэрпрэтавалі рэлігійныя тэксты і высоўвалі свае ўласныя прапановы па спосабах пакарання.

Адмену лупцоўкі і судовую рэформу ў цэлым прэзідэнт дзяржаўнай камісіі па правах чалавека Авад Алавад назваў важным крокам наперад у парадку дня ў галіне правоў чалавека ў Саудаўскай Аравіі.

Нагадаем, у мінулым годзе ў Саудаўскай Аравіі пашырылі правы жанчын. Саудаўскім жанчынам дазволілі падарожнічаць без апекуноў і самастойна рэгістраваць нованароджанае дзіця.

У 2018 годзе жанчыны ў Саудаўскай Аравіі атрымалі права самастойна вадзіць аўтамабіль.

вс