Улады Паўночнай Карэі ў аўторак, 9 чэрвеня, збіраюцца заблакаваць усе лініі тэлефоннай сувязі паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва КНДР (ЦТАК), якое назвала блакаванне лініяў «першым крокам у спісе пастаноў аб поўным знішчэнні ўсіх спосабаў сувязі з Паўднёвай Карэяй» і спыненні «іншых непатрэбных дзеянняў».
Адключэнне лініяў закране як урадавую сувязь, так і сувязь паміж ваеннымі дзвюх краін. Злучэнне паміж краінамі ажыццяўляецца праз пастаянны Міжкарэйскі офіс сувязі. Падставай для гэтага рашэнне Пхеньяну стала адпраўка паўднёвакарэйскімі актывістамі агітацыйных улётак у КНДР.
Між тым некалькі міністэрстваў у Сеуле ў аўторак, 9 чэрвеня беспаспяхова спрабавалі выйсці на сувязь з афіцыйнымі асобамі КНДР. У прыватнасці, такія спробы распачалі Міністэрства па справах аб'яднання дзвюх Карэй і Міністэрства абароны. Сувязь паміж дзвюма краінамі, якая, фактычна адсутнічала на працягу дзесяцігоддзяў, была адноўлена ў 2018 годзе.
На пачатку траўня на дэмаркацыйнай лініі, якая падзяляе Паўднёвую і Паўночную Карэю, адбылася перастрэлка, паведаміў генштаб Узброеных Сіл Паўднёвай Карэі. Паводле яго дадзеных, паўночнакарэйскія салдаты абстралялі адзін з паўднёвакарэйскіх КПП у чатырохкіламетровай буфернай зоне паміж дзвюма дзяржавамі.
Паўднёвакарэйскія жаўнеры пасля шэрагу папярэджанняў адкрылі агонь у адказ. Было абвешчана, што бакі спрабуюць растлумачыць сітуацыю па сваіх камунікацыйных каналах, каб пазбегнуць аналагічных інцыдэнтаў у будучыні. Войскі Паўднёвай Карэі былі прыведзены ў стан павышанай баявой гатовасці.
паводле dw.com/эж