НАТА рыхтуе план на выпадак другой хвалі каранавіруса. Альянс будзе збіраць запасы абсталявання і лекаў для краін-членаў. Такое рашэнне падчас відэаканферэнцыі прынялі міністры абароны Паўночнаатлантычнага альянсу.
НАТА створыць спецыяльны фонд, які дазволіць купляць даступныя на рынку лекі. Будзе таксама назапашваць абсталяванне ў тым выпадку, калі восенню падчас прагназаванай другой хвалі эпідэміі значна павысяцца патрэбы бальніц, паведаміў кіраўнік альянсу Енс Столтэнберг.
-Спецыялісты з усяго свету папярэджваюць, што можа адбыцца другая хваля эпідэміі. Таму НАТА рыхтуе падтрымку дзяржслужбам, калі б так сапраўды адбылося.
Некалькі краін-членаў ужо абяцалі перадаць частку запасаў у сумесныя склады. Падрабязнасці гэтых абяцанняў невядомыя. Таксама невядома, колькі краін заявілі аб намеры перадачы сродкаў у фонд.
Нагадваем, у першыя тыдні эпідэміі каранавіруса ў Еўропе НАТА ўключылася ў каардынацыю дапамогі найбольш пацярпелым краінам, галоўным чынам Італіі і Іспаніі. Самалёты альянсу ажыццявілі каля 350 рэйсаў, а армія пабудавала 100 палявых шпіталяў.
аз